У Баранавічах памёр прапаршчык унутраных войскаў

Ілюстрацыйнае фота

У частцы № 7404 унутраных войскаў МУС Беларусі, якая разьмяшчаецца ў Баранавічах, Свабодзе паведамілі пра раптоўную сьмерць іх салдата Дзьмітрыя Ханцэвіча.

Дзяжурны вайсковай часткі сказаў, што здарэньне адбылося 12 чэрвеня раніцай:

«Ён прыехаў на ровары ў вайсковую частку і неўзабаве памёр. Высьвятляюць прычыны. Ён быў старшым кантралёрам, намесьнікам камандзіра ўзводу. Жыў у Баранавічах».

Лекары, якія рабілі рэанімацыю, казалі пра нізкі ціск у Дзьмітрыя.

«Прыяжджала сьледчая група, прыкмет гвалтоўнай сьмерці не знайшла», — сказалі ў вайсковай частцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На вайсковых зборах памёр мужчына

У МУС Беларусі пацьвердзілі факт сьмерці прапаршчыка і выказалі спачуваньне родным.

Паводле крыніцы блогера Nexta, саслужыўцы знайшлі Дзьмітрыя ў разьдзявальні ў непрытомным стане, самі пачалі рэанімаваць і выклікалі хуткую дапамогу, лекары якой потым працягвалі рабіць штучнае дыханьне і непрамы масаж сэрца.

Паводле блогера Nexta, у ходзе праверкі нібыта было выяўлена, што 11 чэрвеня ўсіх вайскоўцаў в/ч № 7404 а 14-й гадзіне накіравалі на пляц, дзе пры тэмпэратуры +30 прымусілі дзьве гадзіны займацца фізычнымі практыкаваньнямі.

У частцы абверглі гэтае сьцьвярджэньне, сказалі, што ў сьпякотны час у іх увогуле абмежавана знаходжаньне на вуліцы, ніякіх заняткаў на пляцы ўчора не было.

Вайсковая частка 7404 — гэта 4-я спэцыяльная міліцэйская брыгада ўнутраных войскаў МУС, якая знаходзіцца ў Баранавічах.

Хроніка апошніх сьмерцяў у сілавых структурах Беларусі

10 чэрвеня. У падвальным памяшканьні шматкватэрнага жылога дома знойдзена цела 45-гадовага супрацоўніка крымінальнага вышуку Ленінскага РУУС Андрэя М.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цела знойдзена ў падвале шматкватэрнага дома». СК пра сьмерць міліцыянта

3 чэрвеня. З чэрвеня 40-гадовы прапаршчык Полацкага памежнага атраду ўчыніў суіцыд на працоўным месцы.

1 чэрвеня. Скончыў жыцьцё самагубствам вайсковец слонімскай 11-й мэханізаванай брыгады, які праходзіў службу па кантракце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За тры дні ў Беларусі скончылі жыцьцё самагубствам вайсковец і памежнік

16 траўня. 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ 22-гадовы Яўген Патаповіч. Яго знайшлі мёртвым у лесе. ​Труп быў у кайданках, без штаноў, побач — пісталет, абярэмак дроў, рыдлёўка. Спачатку Сьледчы камітэт заявіў, што Патаповіча забілі падчас выкананьня службовых абавязкаў, аднак 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вэрсію пра самагубства інспэктара ДАІ з Магілёва «не здымаюць зь ліку прыярытэтных», — старшыня СК

12 траўня. Суіцыд зьдзейсьніў памежнік у Смаргонях. Цела 34-гадовага вайскоўца-кантрактніка знайшлі сваякі ў доме бацькоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьяжджай з гэтага гораду». На Горадзеншчыне памежнік скончыў жыцьцё самагубствам

23 красавіка. 23 красавіка ў Віцебскай больніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі памёр Віктар Калачынскі, дэсантнік, якога напярэдадні траўмавалі ў вайсковай частцы машынай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр дэсантнік, якога траўмавалі вайсковай машынай