Пратэстоўцы дамагліся адмены ўшчыльненьня мікрараёну ў цэнтры Менску 7 паркінгамі

Замест 7 паркінгаў застанецца 2. Улады вымушаныя зьмяніць праект забудовы «ціхага цэнтру».

Чыноўнікі адміністрацыі Першамайскага раёну Менску і камітэт архітэктуры Менскага гарвыканкаму прэзэнтавалі зьмены ў праект дэтальнага плянаваньня кварталу ў межах вуліц Коласа — Калініна — Чорнага — Сурганава. Пад націскам грамадзкасьці ўлады адмовіліся ад будаўніцтва шматпавярховіка, забаўляльнага цэнтру і пяці парковак зь сямі плянаваных.

Падвядзеньне вынікаў грамадзкага абмеркаваньня ўшчыльненьня кварталу прайшло за зачыненымі дзьвярыма: 3-га траўня ні прэсу, ні мясцовых жыхароў на паседжаньне камісіі не пусьцілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ўхвалілі праект ушчыльненьня «ціхага цэнтру», нягледзячы на пратэсты жыхароў

Пасьля гэтага ініцыятыўная група арганізавала пэтыцыю за адстаўку кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Ігара Кудрэвіча і ягонага намесьніка Васіля Касаўца. Магчыма, гэта адыграла ролю, і 21 чэрвеня «інфармаваньне» грамадзянаў, як выказаўся Кудрэвіч, прайшло з запрашэньнем і СМІ, і мясцовых жыхароў.

Кіраўнік адміністрацыі Ігар Кудрэвіч

«Камісія абагульніла ўсе прапановы ў сваім асобным меркаваньні і пазначыла, што пры ўзгадненьні зь Міністэрствам архітэктуры праект будзе дапрацаваны. Інфармацыя будзе вам дадзеная», — запэўніў Ігар Кудрэвіч.

Архітэктар «Менскграда» Сьвятлана Сахарава патлумачыла, што быў ліст у Міністэрства архітэктуры з просьбай адступіць ад нормаў па машына-месцах. Таксама быў распрацаваны праект аховы трох ахоўных зонаў — тэрыторый асаблівага рэжыму, будаваць там нельга. І расказала, якія канкрэтна зьмены ўнесеныя:

Архітэктар «Менскграда» Сьвятлана Сахарава

«Апошні варыянт: ад былых прапаноў застаецца дзіцячы сад на 270 месцаў.

Мы прыбралі амаль усе паркінгі, акрамя двух падземных на 50 месцаў для мясцовых жыхароў.

Мы цалкам прыбралі будаўніцтва новага шматпавярховага жылога дома; забаўляльны цэнтар і паркоўкі выключылі.

Мы заплянавалі сквэр і пералічылі нормы азеляненьня: будуць 4 зялёныя тэрыторыі. Забясьпечанасьць зялёнымі тэрыторыямі — 10 квадратных мэтраў на чалавека», — пералічыла зьмены Сьвятлана Сахарава.

Падчас сустрэчы

Ігар Кудрэвіч запэўніў, што новы плян будзе разьмешчаны і ў будынку адміністрацыі раёну, і на сайце, будзе наладжаная зваротную сувязь праз камітэт архітэктуры Менгарвыканкаму. А потым ПДП будзе накіраваны на розныя экспэртызы. У жыхароў зноў зьявілася шмат пытаньняў: і пра падземны паркінг, і пра азеляненьне.

«Як жылая зона стала паркінгам? 6 300 умоўных адзінак каштуе месца на ўжо пабудаваным паркінгу, узьведзеным на месцы спартовай пляцоўкі, дзе прайшло наша дзяцінства. Навошта мясцовым жыхарам паркінгі па такіх цэнах?» — пытаецца жыхарка суседняга зь меркаваным паркінгам дома.

«Паркінгі нікому не цікавыя з інвэстыцыйнага пункту гледжаньня», — парыраваў Кудрэвіч. — «Давайце грунтоўна і ўважліва паглядзім на гэты плян. Я прашу вас выказаць свае прапановы — на гэта патрэбен тыдзень», — рэзка завершыў абмеркаваньне кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёну.

Ігар Кудрэвіч спрачаецца з актывістамі

Зьявілася прапанова ад жыхароў — сустрэцца ўсім на месцы і памераць усе праблемныя зоны, бо па квадраціках на мапе цяжка зразумець. Але ад прапановы з рулеткай разам з жыхарамі памераць гэтыя спрэчныя зоны Кудрэвіч адмовіўся.

Мясцовы жыхар і старшыня руху «​За свабоду»​ Юры Губарэвіч назваў саступкі ўладаў маленькай перамогай.

«Жылы шматпавярховік прыбралі, забаўляльны цэнтар прыбралі. Але два паркінгі застаюцца. Будзем апытваць людзей, ці патрэбны гэтыя паркінгі на месцы існуючай забудовы. Забудову зьнясуць, а што пабудуюць, невядома. Тое самае і зь дзіцячым садком — пад яго зьнясуць пабудову, а ці ўзьвядуць садок — ёсьць пытаньне. Бо ў нас няма даверу да ўлады.

У прынцыпе, можна лічыць гэта невялікай перамогай над першапачатковым варыянтам, які быў навязаны. Але гэта не канчатковае рашэньне праблемы», — падсумаваў старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незадаволеныя навабудамі жыхары Менску ініцыююць мясцовы рэфэрэндум, абапіраючыся на заявы Лукашэнкі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхароў і журналістаў не пусьцілі на паседжаньне аб «ушчыльненьні» кварталу ў цэнтры Менску

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Поўная заля, абурэньне, рогат. Як у Менску абмяркоўвалі ўшчыльненьне кварталу 7 паркінгамі. ФОТА