Радыяцыя ад затанулай савецкай падводнай лодкі ў 100 тысяч разоў вышэйшая за норму, — нарвэскі тэлеканал

Савецкая атамная падводная лодка К-278 «Камсамолец»

Навукоўцы выявілі перавышэньне ўзроўню радыяцыі ў 100 тысяч разоў у раёне патанулай савецкай атамнай падводнай лодкі «Камсамолец» у Нарвэскім моры. Пра гэта паведаміў нарвэскі тэлеканал TV2 са спасылкай на кіраўніцу навуковай экспэдыцыі Хільду Элізу Хелдаль.

Паводле яе, проба, узятая ў панядзелак, з вэнтыляцыйнай трубы на падводнай лодцы, паказала радыяактыўны ўзровень, які ў 100 тысяч разоў вышэйшы, чым у звычайнай чыстай марской вады. Гэты ўзровень таксама вышэйшы, чым той, які расейскія дасьледчыкі вымяралі 12 гадоў таму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 30 гадоў таму патанула атамная падлодка «Камсамолец». Як гэта было

Хільда Эліза Хелдаль сказала, што вынікі пробаў яшчэ будуць дасьледаваныя больш старанна. Паводле яе, радыяцыя з падводнай лодкі, якая знаходзіцца на глыбіні 1700 мэтраў, не стварае небясьпекі для шырэйшага навакольля.

Савецкая атамная падводная лодка К-278 «Камсамолец» патанула 7 красавіка 1989 году. У выніку пажару ў двух сумежных адсеках былі разбураныя сыстэмы цыстэрнаў галоўнага балясту, празь якія адбылося затапленьне лодкі забортнай вадой. Кіраўніцтва савецкага вайскова-марскога флёту вінаваціла ў недасканаласьці лодкі канструктараў і суднабудаўнікоў. Тыя, у сваю чаргу, заяўлялі пра няўмелыя дзеяньні экіпажу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысячы людзей на пахаваньні ахвяраў аварыі ў Белаазёрску. Фота