Зяленскі заклікаў рыхтавацца да Алімпіяды ва Ўкраіне

Ўладзімір Зяленскі

Украіне трэба распрацаваць стратэгічны плян, каб прэтэндаваць на правядзеньне Алімпійскіх гульняў. Такое заданьне ўкраінскі прэзыдэнт Ўладзімір Зяленскі паставіў 16 ліпеня падчас размовы зь міністрам моладзі і спорту Ігарам Жданавым і прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Ўкраіны Сяргеем Бубкам.

«Нам патрэбны пэўны плян, мы, скажам, гатовыя за 3-4 гады ўсе пабудаваць, і тады можам быць у чарзе і прыняць Алімпіяду. Мы павінны быць амбіцыйнымі», — цытуе Зяленскага ягоная прэс-служба.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ўступіў у сілу моўны закон. Чыноўнікі будуць здаваць іспыты на веданьне мовы

Па словах Зяленскага, цяпер Украіне трэба разьвіваць спартовую інфраструктуру, якую потым можна будзе выкарыстоўваць для Алімпійскіх гульняў.

«Трэба даць заданьне нашым хлопцам, якія шукаюць інвэстыцыі, даць заданьне нашаму бюджэту, каб штогод вылучаліся грошы на аб’екты, якія нам патрэбныя, а потым будуць выкарыстаны для Алімпіяды. Трэба хаця б спрабаваць гэтага дасягнуць», — заявіў прэзыдэнт Украіны.

Са свайго боку Сяргей Бубка адзначыў, што найбліжэйшыя Алімпійскія гульні, на правядзеньне якіх Украіна можа падаваць заяўку — гэта зімовая Алімпіяда у 2030 годзе ці летняя — у 2032 годзе.