10 парадаў, як паводзіцца з чыноўнікамі, каб зрабіць горад лепшым

Сябры горадзенскай ініцыятывы «Хата ня з краю»

Удзельнікі адной з самых пасьпяховых маладых ініцыятываў Горадні «Хата ня з краю» расказалі, чаму іх слухаюцца чыноўнікі. Свабода вылучыла самыя істотныя парады.

Адзін аднаго ведалі толькі па ніках

Ініцыятыва «Хата ня з краю» пачала фармавацца паўтара года таму сярод жыхароў новага мікрараёну ў цэнтры Горадні, на вуліцах Пралетарскай — Шчорса, які лічыцца прэстыжным і дарагім. Самі сябе яны называюць супольнасьцю неабыякавых людзей.

Яны абʼядналіся, калі ўлады хацелі насуперак генпляну пабудаваць замест паўнавартаснага дзіцячага садка з басэйнам шматпавярховік зь міні-садочкам на першым паверсе, на меншую колькасьць дзяцей.

«Раён малады, камэрцыйны, жытло здабытае сваёй працай. За кожны сантымэтар свайго дабра мы змагаемся», — камэнтуюць удзельнікі ініцыятывы.

Дамы ў новым мікрараёне ў цэнтры Горадні ў межах вуліц Пралетарскай — Шчорса

Яны дамагліся, каб неплянаваны шматпавярховік не будавалі. Праўда, на паўнавартасны садочак у бюджэце пакуль грошай няма.

На сустрэчу з журналістамі прыйшлі некалькі актывістаў: Алена Шаламіцкая, Пётар Кузьміч, Кацярына Асмалоўская, Юры Шурмін, Ігар Карпейчык.

Ядро ініцыятывы — тузін чалавек, усяго прыхільнікаў каля сотні. Гэта прадстаўнікі розных прафэсій: юрысты, праектанты, настаўнікі, прадпрымальнікі.

Сябры ініцыятывы пераважна камунікуюць у сацыяльных сетках і раней ня ведалі адзін аднаго ў твар

Спачатку ўся іхняя камунікацыя вялася толькі праз сацыяльныя сеткі. Удзельнікі ведалі адзін аднаго толькі па ніках, а ня ў твар ці па імёнах. Так яны вялі перамовы і дамаўляліся.

Чарговыя посьпехі ініцыятывы

  • Ім пабудавалі спартовую пляцоўку з вулічнымі трэнажорамі за кошт забудоўшчыка, бо яна прадугледжаная нормамі стварэньня мікрараёну. Першапачаткова яе не зьбіраліся ствараць.
  • Абаранілі ад высечкі дрэвы ў мікрараёне. Іх плянавалі сьсекчы дзеля рэканструкцыі крамы.
  • Панізілі бардзюры ў дварах для ровараў і дзіцячых вазкоў.
  • Легальна ўсталявалі ў двары шматпавярховіка мангал, каб супольна смажыць шашлыкі.
  • Адмянілі рашэньне горадзенскіх уладаў, што цяжарную жанчыну, якая стала на ўлік у жаночую кансультацыю пасьля 12 тыдня цяжарнасьці, трэба ставіць у групу рызыкі. На рэспубліканскім узроўні такога закону няма.

На гэтым месцы мог бы паўстаць шматпавярховік зь міні-садочкам

10 парадаў, якія дапамаглі ім перамагаць

1. Не размаўляць вусна 📜

З чыноўнікамі ня трэба размаўляць вусна, бо вынік тады малаверагодны. Ня варта марнаваць час. Прадстаўнікам улады трэба пісаць лісты і атрымліваць пісьмовыя адказы.

Калі размова ўсё ж вядзецца вусна, то варта папрасіць, каб усе пытаньні фіксаваў сакратар, і потым атрымаць на іх пісьмовы адказ.

2. Вывучаць законы 📚

Змагацца варта за тое, што належыць па законе. Напрыклад, за спартовую пляцоўку, якая ў новым мікрараёне прадугледжаная будаўнічымі нормамі. Тады шанцаў перамагчы болей.

Але нехта павінен пільна перагледзець усе нарматывы, загады і дакумэнты, якія тычацца справы. У гэтым можа дапамагчы кансультацыя юрыста, падказкі, дзе менавіта шукаць. Добра, калі нехта са «змагароў» мае юрыдычную адукацыю.

У сваіх заявах, прапановах, запытах варта спасылацца на канкрэтныя пункты законаў.

3. Разьмяркоўваць задачы 👥​

Варта абʼяднацца ў вялікую кампанію, а потым падзяліцца. Адзін чытае законы і складае звароты, другі раздрукоўвае падпісныя лісты, трэці ходзіць па падʼездах, каб сабраць подпісы.

Кожны ў камандзе робіць тое, што ўмее найлепш: робіць раздрукоўкі або пераконвае іншых жыхароў

Разьмяркоўваць абавязкі дапамагае агульны чат у сацыяльнай сетцы ці мэсэнджэры, прыкладам, у вайбэры.

4. Трымаць інсайдэраў 🚪

Мець у сваёй камандзе «інсайдэраў» — людзей, якія працуюць у дзяржаўных арганізацыях і могуць паведамляць унутраную інфармацыю. Напрыклад, якая забудова першапачаткова была прадугледжаная генплянам у мікрараёне.

Гэтыя людзі не паказваюцца ў публічнай прасторы, іх імёнаў не называюць у мэдыя.

5. Вылучыць публічных асобаў 👨

Людзям, якія прыходзяць да чыноўнікаў і «сьвецяцца» ў мэдыя, няма чаго губляць — прыкладам, дзяржаўнай працы. Яны або ў дэкрэтным адпачынку, або працуюць на сябе.

6. Знайсьці лідэра 🙋

Алена Шаламіцкая (справа) — эмацыйны лідэр ініцыятывы

У ініцыятывы «Хата ня з краю» гэта Алена Шаламіцкая, настаўніца і маці ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. Сябры ініцыятывы прызнаюць, што менавіта дзякуючы Аленінай энэргіі ўдаецца рэалізаваць шмат якія пляны і не ўпадаць у роспач, калі ня ўсё атрымліваецца зь першага разу.

7. Не перакладаць адказнасьць на іншых ⛏️

Пётар Кузьміч вёў бясплатныя курсы для дзяцей па замежнай мове

Хочаш зьмяніць сьвет — пачні зь сябе. Каб нечага дасягнуць, ня варта ленавацца. Можна ўзяць лейку і паліць бэз, які сохне ў двары, не чакаючы, што пойдзе дождж або прыйдзе дворнік. Можна зладзіць бясплатныя курсы для дзяцей, прыкладам, па замежнай мове. А калі ў ініцыятыўнай групе няма юрыста, пачні дасьледаваць дакумэнты самастойна.

8. Дамагацца розгаласу 🔊

Казаць пра сваю праблему ўголас. Зьвяртацца да мэдыя, каб агучыць праблему. Выкарыстоўваць усе іншыя магчымасьці, каб заявіць пра сябе. Розгалас можа добра паўплываць на ўладу.

9. Шукаць падтрымкі ☑️

Варта далучаць да сваёй ініцыятывы шырокае кола людзей. Прыкладам, зьбіраць подпісы супраць міні-садочка можна ня толькі па падʼездах свайго дому, але і каля дзіцячай паліклінікі свайго мікрараёну, і нават суседняга. Калі зьбіраць подпісы ў дзелавым гарнітуры, гэта адлюстроўвае сурʼёзнасьць намераў кампаніі.

10. Трымацца свайго ✋​

Чыноўнікі і іншыя суразмоўцы будуць спрабаваць зьбіць з панталыку, націснуць на пачуцьцё віны, перавесьці размову ў патрэбнае рэчышча. Вашая задача — памятаць, за што вы змагаецеся. Прыкладам, пры адстойваньні нармальнага дзіцячага садка вам могуць нагадаць, што ў іншым мікрараёне сытуацыя нашмат горшая па колькасьці дашкольных месцаў, або пачаць распытваць, кім працуе ваш муж, або бяздоказна запэўніваць, што варыянт, які прыдумалі ўлады, лепшы за ваш.

Сучасная спартовая пляцоўка ў мікрараёне, якую пабудавалі дзякуючы настойлівасьці жыхароў

Трымайце ў галаве сваю мэту і не саромейцеся яе паўтараць і на ёй настойваць. Чаму ў бюджэце няма грошай на садок у іншым мікрараёне — ня ваш галаўны боль.

«Нашая задача — паказаць, што простыя звычайныя людзі, якія жывуць разам, могуць рабіць простыя добрыя справы. Калі мы абʼяднаемся, мы зможам зрабіць больш істотную справу. Палепшыць прастору для жыцьця тут», — кажуць сябры ініцыятывы «Хата ня з краю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як з рынку ў Маладэчне зрабілі першую ў краіне «вуліцу стрыт-фуду». ФОТА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыентуюцца на Нямеччыну, упэўненыя ў будучыні. Нечаканае дасьледаваньне пра беларускую моладзь. Інфаграфіка