У Вярхоўную Раду Ўкраіны праходзяць пяць партый. Вынікі Нацыянальнага экзыт-полу

Новы склад украінскага парлямэнту сфармуюць пяць партый — яны дэлегуюць у Вярхоўную Раду 225 дэпутатаў, яшчэ 199 парлямэнтароў будуць абраныя ў мажарытарных акругах.

Паводле Нацыянальнага экзыт-полу, які супольна правялі фонд «Дэмакратычныя ініцыятывы Ілька Кучэрыва», Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі і Ўкраінскі цэнтар эканамічных і палітычных дасьледаваньняў імя Аляксандра Разумкова, пераможцамі парлямэнцкай выбрачай кампаніі сталі:

  • Прапрэзыдэнцкая партыя «Слуга народу» — 43,9%
  • «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё!“» кума расейскага прэзыдэнта Віктара Медзьведчука — 11,5%
  • Партыя папярэдняга прэзыдэнта Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць» — 8,9%
  • Партыя Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына» — 7,6%
  • Партыя ўкраінскага музыкі Сьвятаслава Вакарчука — 6,3%

Партыі колішняга кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны Ігара Сьмяшка і «Апазыцыйны блёк» не пераадольваюць 5%-га выбарчага бар’еру, яны набралі 4,4 і 3,3 % адпаведна.

Калі вынікі Нацыянальнага экзыт-полу пацьвердзяцца падлікам Цэнтральнай выбарчай камісіі, яшчэ чатыры партыі, нягледзячы на тое, што застануцца па-за парлямэнтам, атрымаюць фінансаваньне зь дзяржаўнага бюджэту. Сярод іх — «Партыя Шарыя» (3,1%), Радыкальная партыя Алега Ляшка (2,8%), «Украінская стратэгія Гройсмана» (2,2%) і Ўсеўкраінскае аб’яднаньне «Свабода» (2,1%).

Згодна з украінскім заканадаўствам, дзейнасьць партыі, якая ў часе парлямэнцкіх выбараў набірае больш як 2%, фінансуецца зь дзяржаўнага бюджэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 учынкаў і заяваў Уладзіміра Зяленскага, якія зьдзівілі, расьсьмяшылі і насьцярожылі

Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, у часе галасаваньня не зарэгістраваныя такія парушэньні, якія паўплывалі б на вынікі выбараў.

Яўка выбарнікаў на момант закрыцьця выбарчых участкаў склала 49,84 %. У прэзыдэнцкіх выбарах, якія адбыліся сёлета ў два туры, удзельнічалі 61,37 % грамадзян ад агульнай колькасьці ўключаных у сьпісы для галасаваньня.

На выбарах у парлямэнт 22 партыі вылучылі 2747 кандыдатаў, яшчэ 3220 грамадзян балятаваліся ў мажарытарных акругах. Конкурс на сёлетніх парлямэнцкіх выбарах быў ці не найбольшым за апошнія некалькі выбарчых цыкляў: на адзін дэпутацкі мандат прэтэндуюць у сярэднім 14 кандыдатаў.

Якой можа быць ўрадавая кааліцыя? Першыя заявы

Адразу пасьля абвяшчэньня вынікаў Нацыянальнага экзыт-полу прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што запрашае лідэра партыі «Голас» Сьвятаслава Вакарчука на размову аб кандыдатуры на пасаду прэм’ер-міністра:

«Наша ініцыятыва да спадара Вакарчука была яшчэ на прэзыдэнцкіх выбарах. Мы запрашаем спадара Вакарчука пагаварыць. Пытаньне пра прэм’ер-міністра Вакарчука — пытаньне да яго, таму што гэта вялікая адказнасьць».

Уладзімір Зяленскі падкрэсьліў, што прэтэндэнт на пасаду прэм’ер-міністра ня мусіць «быць палітыкам, а павінен быць гуру эканомікі з аўтарытэтам на Захадзе». Паводле яго, кандыдат на прэм’ера мусіць быць новым палітыкам, які раней не працаваў у органах улады.

Лідэр партыі «Голас» Сьвятаслаў Вакарчук заявіў, што перамовы аб стварэньні парлямэнцкай кааліцыі пачне толькі пасьля афіцыйнага абвяшчэньня вынікаў выбараў.

Што праўда, прадстаўнік гэтай партыі Яраслаў Юрчышын удакладніў, што партыя «Голас» не выключае кааліцыйных перамоваў з партыяй Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць» і Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына» пры умове, што яны падтрымаюць дэалігархізацыю ва Ўкраіне.

«Мы ніколі ня будзем уступаць у кааліцыю з прарасейскімі сіламі, якія абараняюць інтарэсы акупанта. Мы гатовы ўступіць у кааліцыю з тымі сіламі, за якімі не стаяць алігархі. Калі сілы Парашэнкі і Цімашэнкі сур’ёзна гатовыя размаўляць аб дэалігархізацыі, мы гатовыя весьці зь імі перамовы», — заявіў Яраслаў Юрчышын.

Разам з тым і папярэдні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што партыя «Голас» ёсьць стратэгічным партнэрам ягонай партыі «Эўрапейская салідарнасьць»:

«Галоўным партнэрам мы лічым найбольш ідэйна блізкую партыю „Голас“, калі афіцыйныя вынікі ЦВК пацьвердзяць дадзеныя экзыт-полаў».

Паводле Пятра Парашэнкі, ягоная палітычная сіла гатова да стварэньня ўрадавай кааліцыі з тымі партыямі, для якіх эўрапейская і паўночнаатлянтычная інтэграцыя ёсьць прыярытэтамі ў зьнешняй палітыцы.

Апазыцыя ўжо вызначылася

Віктар Медзьвядчук, лідэр партыі «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё!“», якая паводле экзыт-полу займае другое месца, заявіў аб намеры працаваць у парлямэнце ў якасьці апазыцыі:

«Роля „Апазыцыйнай плятформы „За жыцьцё!““ — гэта толькі апазыцыя, і яна была вызначаная задоўга да завяршэньня выбараў. Мы гэта добра разумелі і сьвядома на гэта ішлі. Мы будзем апазыцыйнай фракцыяй у парлямэнце 9-га скліканьня».

Калі можа быць створаная ўрадавая кааліцыя

Паводле ўкраінскага заканадаўства, Цэнтральная выбарчая камісія павінна абвясьціць вынікі выбараў у парлямэнт не пазьней, чым да 5 жніўня.

Згодна з Канстытуцыяй Украіны, Вярхоўная рада павінна сабрацца на першае пасяджэньне не пазьней, чым на трыццаты дзень пасьля афіцыйнага абвяшчэньня вынікаў выбараў. Першае пасяджэньне мусіць адкрыць найстарэйшы паводле ўзросьту народны дэпутат.

Кааліцыя парлямэнцкіх фракцыяў у Вярхоўнай радзе мусіць быць сфармаваная на працягу аднаго месяца з дня адкрыцьця першай сэсіі. Менавіта парлямэнцкая большасьць прапануе прэзыдэнту кандыдатуру на пасаду прэм’ер-міністра Ўкраіны, якую кіраўнік краіны мусіць унесьці на зацьвярджэньне парлямэнту.