Палестынцы спынілі выкананьне ўсіх пагадненьняў, падпісаных з Ізраілем

Махмуд Абас

Кіраўнік Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас заявіў, што палестынцы спыняюць выкананьне ўсіх пагадненьняў, падпісаных з Ізраілем. Пра гэта паведамляе Times of Israel.

«Мы не скарымся дыктату і спробам навязаць нам грубую сілу, у прыватнасьці ва Ўсходнім Ерусаліме. Усе рашэньні, якія былі прынятыя ізраільскімі акупацыйнымі ўладамі, зьяўляюцца для нас незаконнымі», — сказаў Абас на пасяджэньні палестынскага кіраўніцтва ў чацьвер.

Прычынай такога рашэньня, паводле яго, стала разбурэньне Ізраілем дзясяткаў дамоў палестынцаў ва Ўсходнім Ерусаліме. На думку ізраільскага боку, яны былі пабудаваныя незаконна — занадта блізка да падзяляльнага бар’еру, пабудаванага для прадухіленьня пранікненьня тэрарыстаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: Ізраіль «заплаціць высокую цану» за перанос амбасады ЗША ў Ерусалім

Дзеяньні Ізраіля па зносе дамоў раскрытыкаваў шэраг краінаў Эўразьвязу, у тым ліку Францыя, Нямеччына і Вялікая Брытанія.

Абас таксама зноў адхіліў прапанаваны Злучанымі Штатамі плян урэгуляваньня на Блізкім Усходзе. Паводле яго, «Палестына і Усходні Ерусалім, ня могуць служыць прадметам гандлю».

Зараз Ізраіль і Палестынская аўтаномія супрацоўнічаюць па розных пытаньнях — ад бясьпекі да водазабесьпячэньня. Па зьвестках СМІ, Абас ужо выказваў падобныя пагрозы раней, аднак не выконваў іх.

У сьнежні 2017 году прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прызнаў Ерусалім, на частку якой прэтэндуюць палестынцы, сталіцай Ізраілю і абвясьціў аб пераносе туды амбасады. Афіцыйнае адкрыцьцё дыпляматычнага прадстаўніцтва прайшло ў траўні 2018 году. Многія краіны сьвету не прызнаюць поўны сувэрэнітэт Ізраілю над горадам.