«Тутэйшыя» вернуцца на сцэну Купалаўскага тэатру

Купалаўскі тэатар. Фота: ©Shutterstock

У 100-м тэатральным сэзоне на сцэне Купалаўскага тэатру зноў паставяць легендарны спэктакль «Тутэйшыя» паводле аднайменнай п’есы Янкі Купалы, расказаў Свабодзе мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін.

«У чэрвені, у канцы сэзону мы зноў паставім „Тутэйшых“. Мяне прымусілі гэта зрабіць. Я не хацеў... — прызнаўся Пінігін. — У пачатку 1990-х мы паставілі забароненую п’есу Купалы. Уявіце сабе! А цяпер мяне шмат людзей прасілі гэта зрабіць. На жаль, ужо бяз тых артыстаў, якіх няма з намі. Але гэтай пастаноўкай мы закрыем соты сэзон Купалаўскага».

Мікалай Пінігін

Пінігін упершыню паставіў «Тутэйшых» у Купалаўскім 17 кастрычніка 1990 году. У канцы спэктаклю на сцэне ўздымаўся бел-чырвона-белы сьцяг. У 1992 годзе спэктакль атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. Пасьля рэфэрэндуму 1995 году вакол спэктаклю пачаліся праблемы, яго то здымалі, то часова вярталі на сцэну. У траўні 2010 году Пінігін абвесьціў, што спэктакль у ягонай пастаноўцы зьняты з рэпэртуару.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у савецкім застоі магілёўскі тэатар паставіў забароненых «Тутэйшых»

Мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру таксама паведаміў, што ў сьнежні выйдзе шэксьпіраўскі «Кароль Лір» зь Віктарам Манаевым у галоўнай ролі.

«Юрка Гаўрук — геніяльны перакладнік, які адседзеў у сталінскіх лягерох, зрабіў лепшы пераклад за расейскія», — кажа пра пераклад «Караля Ліра» Мікалай Пінігін.

У студзені пачнуцца рэпэтыцыі плястычнага спэктаклю «Марк Шагал» — прыедзе вялікая пастановачная група з Масквы, у тым ліку мастак з Вахтангаўскага тэатру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра Купалаўскі тэатар, які адкрывае 100-ы сэзон
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 спэктакляў па беларускай клясыцы ў Менску і ня толькі