МЗС Беларусі пракамэнтавала рэакцыю расейскіх тэлеграм-каналаў на візыт Болтана ў Менск

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз на брыфінгу 29 жніўня пракамэнтаваў рэакцыю шэрагу расейскіх тэлеграм-каналаў на візыт дарадцы прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана ў Менск.

«Мы павінны бараніць сваю інфармацыйную прастору, — сказаў Анатоль Глаз. — Але рабіць гэта трэба з розумам. Сваё аддаваць не патрэбна».

На пытаньне журналістаў, хто быў ініцыятарам візыту Болтана ў Менск, Анатоль Глаз не адказаў, гэтаксама як і на пытаньне, ці будуць Болтан і Лукашэнка абмяркоўваць аднаўленьне дыпляматычных стасункаў паміж Беларусьсю і ЗША на ўзроўні амбасадараў. На гэты момант дыпляматычныя прадстаўніцтвы ў абедзьвюх дзяржавах ачольваюць часовыя павераныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля візыту Болтана ў Менск расейска-беларускія адносіны могуць абвастрыцца, — палітоляг

Дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан ужо прыбыў у Менск. Сустрэча Болтана з Лукашэнкам заплянаваная на другую палову дня. Паводле Глаза, Болтан таксама сустрэнецца зь міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімерам Макеем, падчас сустрэчаў будуць абмяркоўвацца «пытаньні супрацы і рэгіянальнай бясьпекі».

Пасьля таго як стала вядома пра візыт Болтана ў Менск, шэраг расейскіх тэлеграм-каналаў пачалі актыўна выказвацца наконт плянаў Вашынгтону што да Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джон Болтан: «Мы ўвялі больш санкцыяў супраць Расеі, чым ЭЗ»

Сярод іншага, прарасейскі тэлеграм-канал «Бульба престолов» называў візыт Болтана ў Беларусь «пачаткам праекту Беларусь 2.0 з поўнай дэрусыфікацыяй, пераходам на лацінку і ўніяцтва, шокавай тэрапіяй, перафарматам эканомікі, празаходняй парлямэнцкай рэспублікай і кантрольным пакетаў англасаксаў узамен на гарантыі для Лукашэнкі і ягоных сыноў». Канал «Незыгарь» пісаў пра спробу ЗША «стварыць санітарны калідор вакол Расеі» і пра зацікаўленасьць Вашынгтону ў «атрыманьні інфармацыі, а таксама абмежаваньні маштабаў адмыву грошай». Тэлеграм-канал «Трикотаж» пісаў, што Беларусь хоча «выгадна скарыстацца расейскім мараторыем на пастаўкі паліва ва Ўкраіну» і заступіць «лёгкай нафтай з ЗША цяперашнія халяўныя пастаўкі нафты з Расеі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крамлі лічаць сувэрэнным правам Беларусі запрашаць Болтана