«Трэба чалавека так разьвесьці, каб ён вас палюбіў». Як актывістаў «Гавары праўду» рыхтуюць да выбараў

Андрэй Дзьмітрыеў, лідэр руху «Гавары праўду»

Пра тое, што парлямэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 17 лістапада, стала вядома ў сярэдзіне лета. Аднак «Гавары праўду» пачала рыхтаваць патэнцыйных кандыдатаў і сябраў іхніх ініцыятыўных груп яшчэ ў траўні.

7 верасьня, за дзень да пачатку збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, у «Гавары праўду» праводзілі апошні трэнінг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Мы калісьці сыдзем. Ня так далёка гэты час»

«Нешта вы позна спахапіліся, — кажа Андрэй Дзьмітрыеў на просьбу пусьціць журналістаў на ўнутранае мерапрыемства. — Але прыходзьце, калі хочаце. У нас пачатак у 11.00, будзем вас чакаць у 11.30».

«Гэта была няпраўда, але яна добра спрацавала»

У 11.30 на ўваходзе ў ня самы дагледжаны будынак спыняе вахцёрка. Даведаўшыся мэту візыту, тлумачыць, што офіс нумар 306 на трэцім паверсе. Дзякуем і некалькі хвілін блукаем па цёмным калідоры. Ажно пакуль ня чуем з-за дзьвярэй бадзёры голас актывіста «Гавары праўду» Ігара Драко.

«Ты чалавека разводзь на такую эмоцыю, каб ён цябе як чалавека палюбіў! — тлумачыць бывалы гаварыпраўдавец нованабраным. — Ты напірай не на тое, што ў цябе на раёне трубы гніюць і што ўсе начальнікі сволачы. Ты на тое напірай, што жыць трэба ўсё ж з цэлымі трубамі, а не гнілымі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра выбары дэпутатаў: «Ужо вельмі весела»

Драко ў чырвоных сандалях і чыстай белай кашулі. Перад ім на драўляных школьных крэслах сем актывістаў. Пазьней высьветліцца, што вучацца толькі чацьвёра зь іх, яшчэ трое проста прыйшлі паслухаць.

Ігар Драко

За сьпінай трэнэра ня самая белая сьцяна са слайдамі. На слайдах матывацыйныя тэзісы: «Калі няма кантрасту, значыць, мэсыдж не завершаны», «Кожны раз у прамовах кампаніі гаварыце пра апанэнтаў», «Сутнасьць у параўнаньні вас зь імі».

Тэорыю Ігар Драко перамяжае прыкладамі з практыкі палітычнага жыцьця, у тым ліку свайго ўласнага.

«Гэта ў мінулую кампанію здарылася, — расказвае трэнэр. — Я балятаваўся, і трэба было на ўлёткі тэрмінова біяграфію разьмясьціць. Дзе вучыўся, кім працую, з кім жыву. Ну, у мяне зь першымі двума пунктамі нармальна, а жыву я адзін, жонкі і дзяцей няма. У штабе вырашылі, што гэта для кандыдата ў дэпутаты ня вельмі, і напісалі: „Жыве з каханай жанчынай“. Гэта было няпраўдай, але яна добра спрацавала. Асабліва на мужчын падзейнічала. Чыталі і толькі вялікі палец уверх падымалі. А вось жанчынам чамусьці гэтая фраза пераважна не падабалася. Так што будзьце асьцярожныя з агітматэрыяламі».

«Што вы людзям будзеце пра Дзьмітрыева ўціраць?»

Натхнёныя актывісты раз-пораз задаюць удакладняльныя пытаньні. Прызнаюцца, што непакояцца наконт магчымых затрыманьняў міліцыяй і мала што ведаюць пра Андрэя Дзьмітрыева, подпісы за якога ім акурат давядзецца зьбіраць.

«Ну вы вось прыйдзеце на пікет, ці ў кватэру да каго, у руках улётка Дзьмітрыева — што вы будзеце людзям пра яго ўціраць? — задае Драко пытаньне і тут жа сам на яго адказвае: — Скажыце, што ён ведае прыватныя праблемы фаніпальцаў, што ёсьць такая арганізацыя „Гавары праўду“, што ён падключыўся да вырашэньня праблемаў. Так неяк. Міліцыя вас забірала? Пра гэта гаварыць ня трэба. А, увесь горад ужо ў курсе? Тады адразу так і кажыце, што вас забірала міліцыя. Каб пазнавалі. Хаця Дзьмітрыеў хітры, ён у Фаніпалі сам подпісы зьбірае».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міс Беларусь», абаронца Курапатаў, былая міністарка. Глядзіце, хто сабраўся ў дэпутаты

Акрамя сяброў ініцыятыўнай групы Андрэя Дзьмітрыева, на трэнінгу ёсьць дзьве жанчыны, якім прызначана зьбіраць подпісы ў падтрымку іншай патэнцыйнай кандыдаткі ад «Гавары праўду» — зоркі 90-х Натальлі Наважылавай.

«Слухайце, а як прыцягнуць увагу людзей, калі наша кандыдатка займаецца пераважна спортам? — пытаецца адна з актывістак. — Гаварыць пра дзяцей, якім яна хоча дапамагчы?»

Ігар Драко на сэкунду задумваецца і раіць гаварыць, што ўсю сваю прафэсійную кар’еру Наважылава прысьвяціла аздараўленьню беларускай нацыі. «Гэта мы зь ёй разам прыдумалі, — дадае кансультант. — Каб гучала ня вельмі афіцыёзна».

Абмяняўшыся думкамі з актывістамі, Драко зноў пераключаецца на слайды і паказвае прыклады выбарчай кампаніі кандыдата ў мэры нейкага невялічкага амэрыканскага горада.

«Усе памятаюць, што Караткевіч — прыемная баба»

Трэнінг цягнецца ўжо некалькі гадзін. Па застаўленым агітацыяй мінулых гадоў пакоі, які патрабуе неадкладнага рамонту, лётаюць мухі. За вакном сьвеціць незвычайна гарачае верасьнёўскае сонца. Удзельнікам выбарчага трэнінгу «Гавары праўду» тлумачаць, як пашанцавала тым кандыдатам, якія балятуюцца ў правінцыі (сёлета ў ГП такіх каля 30 чалавек, яшчэ 11 спрабуюць перамагчы ў сталічных акругах).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэркантыльнасьць і непрынцыповасьць разбурылі беларускую апазыцыю, — палітоляг

«У Менску людзі праціўныя, — расказвае Ігар Драко. — Яны падчас размовы адразу разумнічаць пачынаюць. А ў правінцыі добрыя людзі, зь імі прасьцей размаўляць. Пра Караткевіч ім гаварыце. Што яна там несла на тых выбарах у 2015, ужо ніхто ня памятае. Памятаюць, што баба яна недурная, прыемная. Вось гэта вось галоўнае».

Удзельнікі трэнінгу ківаюць галовамі. Бліжэй да абеду ў офісе ГП разам зь Сяргеем Вазьняком зьяўляецца сам Андрэй Дзьмітрыеў. Ігар Драко тут жа саступае трыбуну шэфу. Дзьмітрыеў папраўляе гарнітур і выступае з натхняльнай матывацыйнай прамовай. Сканчаецца яна наступным чынам:

«Вам людзі будуць вывальваць усё, чым яны незадаволеныя, — кажа лідэр ГП. — Што ўсё дрэнна ў краіне, што ўсё ня так, што ўсё развалілі. Скажыце, што вы ўсё разумееце. Што будзеце разам дабівацца справядлівасьці. Толькі не забывайце запісваць тое, на што людзі скардзяцца. Посьпехаў нам усім. Абед».

Па словах кіраўніка «Гавары праўду», арганізацыя сёлета зьбіраецца выставіць каля 40 прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Чвэрць у Менску, рэшта ў іншых рэгіёнах краіны. Трэнінгі для ўдзельнікаў выбараў і сябраў іхніх ініцыятыўных груп праводзіліся на працягу ўсяго лета, частка патэнцыйных кандыдатаў пасьля іх перакваліфікавалася ў зьбіральнікі подпісаў.

Па словах Андрэя Дзьмітрыева, палітычная актыўнасьць ГП удзелам у парлямэнцкай кампаніі сёлета не абмяжуецца, неўзабаве пасьля выбараў пройдзе агульны сход з удзелам 700 чалавек, на якім падвядуць вынікі парлямэнцкай кампаніі і абвесьцяць пляны на прэзыдэнцкую, а таксама назавуць імя кандыдата ад «Гавары праўду».

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.

Як выглядаюць сярэднестатыстычныя беларускія дэпутат, дэпутатка і прэзыдэнт. Фота

  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».