Ці былі патрэбныя беларусам рынкавыя рэформы? Спрачаюцца Дракахруст і Навумчык

Маніфэрстацыя рабочых менскіх заводаў, Менск, плошча Леніна, красавік 1991

Кіраўнік Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч у тэлеінтэрвію заявіў, што беларусы напачатку 90-х не хацелі рынкавых і дэмакратычных рэформаў.

Ці сапраўды грамадзкія настроі былі менавіта такімі? У чым гэтыя настроі былі падобныя, а ў чым адрозныя ад настрояў у Польшчы, Літве, Расеі? Як ставяцца беларусы да рынкавых рэформаў цяпер? Ці вытрымаюць грамадзяне РБ рэформы, калі яны пачнуцца пасьля сыходу Лукашэнкі?

Па гэтых пытаньня спрачаюцца Сяргей Навумчык і Юры Дракахруст.

Сьцісла:

Навумчык: Мясьніковіч ня мае рацыі, хаця б таму, што ў пачатку 1991 году людзі якраз патрабавалі пераходу да рынку — паколькі ва ўмовах татальнага дэфіцыту і пустых паліцаў тое насычэньне крамаў у Францыі ці ЗША, якое паказвалі па тэлебачаньні, у савецкіх людзей якраз і асацыявалася з рынкам. Магчыма, праз два гады людзі патрабавалі б іншага, але ў 91-м патрабавалі менавіта рынкавых рэформаў.

Датычна нібыта адсутнасьці ў страйкоўцаў жаданьня дэмакратычных рэформаў — дык сярод першачарговых іх патрабаваньняў якраз была дэпартызацыя (ліквідацыя камітэтаў КПСС на вытворчасьці і роспуск пракамуністычнага Вярхоўнага Савету).

А ў траўні 1991-га некалькі калектываў віцебскіх буйных (прычым — самых буйных) прадпрыемстваў падпісалі калектыўнае патрабаваньне, дзе, сярод эканамічных пунктаў было абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі. Прычым першымі стаялі подпісы генэральных дырэктараў. Беспэрспэктыўнасьць існаваньня пад уладай «саюзнага цэнтру» рабілася ўсё больш відавочнай ня толькі для актывістаў БНФ. Але і для тых, каго называлі «чырвонымі дырэктарамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эканамічныя рэформы для цяперашняй палітычнай улады Беларусі — гэта прамая пагроза»

Мясьніковіч мае рацыю, калі кажа, што «апазыцыйныя сілы ўмела падхапілі пратэст». Актывістам БНФ — лідэрам рабочага руху сапраўды ўдалася гэта зрабіць у першыя ж дні страйку. Але падобнае — мэта кожнай палітычнай арганізацыі. Акрамя таго, калі б патрабаваньні дэпартызацыі, напрыклад, былі непрымальныя для рабочых — ніякім палітычным актывістам не ўдалося б іх навязаць удзельнікам страйку.

Казаць, што беларускі народ не хацеў ці ня хоча дэмакратыі — вельмі рызыкоўнае сьцьвярджэньне. Ва ўсім сьвеце і ва ўсе часы хаду гісторыі вызначае актыўная частка грамадзтва, звычайна гэта — ня больш чым 2-3% насельніцтва. У 1991-м, у жніўні, гэтая частка зьдзейсьніла тое, што потым Пазьняк назваў «народнай рэвалюцыяй». Але пракамуністычны Вярхоўны Савет і ўрад не пачалі сапраўдныя рэформы, ні палітычныя, ні эканамічныя, адбывалася «намэнклятурная прыватызацыя», названая ў народзе «прыхватызацыяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ураду Румаса — 1 год. Чаму ён ня стаў рэфарматарскім?

У 1994-м адбылася «контррэвалюцыя» — вось тады людзі сапраўды аддалі галасы таму, хто абяцаў «запусьціць заводы», «кожнаму — па лядоўні і тэлевізару», г. зн., фактычна вяртаньне да плянавай эканомікі.

Дракахруст: Людзі на плошчы, рабочыя-страйкоўцы сапраўды не патрабавалі ні лібэралізацыі цэнаў, ні фінансавай стабілізацыі, ні прыватызацыі, ні разьвіцьця прыватнага бізнэсу. А рынкавыя рэформы азначаюць дакладна гэта.

Страйкі выклікала «паўлаўскае» адміністрацыйнае падвышэньне цэнаў на харчаваньне. Рабочыя патрабавалі зьніжэньня цэнаў і /ці падвышэньня заробкаў, а зусім не лібэралізацыі цэнаў і прыватызацыі іх прадпрыемстваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь чакае час павольных, але насычаных рэформаў, — эканаміст Чубрык

Палітычныя лідэры пратэстаў былі шчыльна зьвязаныя з апазыцыяй, з БНФ. Для іх пытаньні дэпартызацыі, незалежнасьці Беларусі былі галоўнымі. У масаў тых, хто пайшоў на страйк, прыярытэты былі іншыя. Але яны былі ня супраць і дэпартызацыі, і незалежнасьці (ці меншай залежнасьці ад савецкага цэнтру). Таму і падтрымлівалі гэтыя патрабаваньні разам з тымі, для каго яны былі асноўнымі.

Уяўленьні беларусаў пра рынкавую эканоміку з 1991 году істотна зьмяніліся. Яны зьмяніліся нават за апошнія 10 гадоў, пра што сьведчыць дасьледаваньне, прэзэнтаванае на леташнім Кастрычніцкім эканамічным форуме. Паводле яго колькасьць прыхільнікаў рынкавай эканомікі ў яе разных аспэктах істотна павялічылася і складае каля паловы насельніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Беларусь можа дагнаць Захад. Парады галоўнага рэфарматара Польшчы

Прыхільнасьць да рынкавых падыходаў уласьцівая значнай часты сучаснага беларускага чынавенства Паказьнік гэтага — увесьчасная крытыка Лукашэнкам усіх апошніх урадаў за «рынкавы экстрэмізм» — таго ж Мясьніковіча, Кабякова, Румаса.