Старшынёй Беларускага ПЭН-Цэнтру абраная Сьвятлана Алексіевіч

Уладзімер Арлоў выступіў з прапановай абраць старшынёй Беларускага ПЭН-Цэнтру нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч. Сьвятлана Алексіевіч адказала, што калі гэта трэба для карысьці арганізацыі, яна пагодзіцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьезд аднавіў сяброўства Сяргея Шапрана, Сямёна Букчына і Паўла Севярынца ў ПЭН-Цэнтры

Андрэй Мельнікаў прапанаваў пакінуць на другі тэрмін Тацяну Нядбай. Тацяна ўзяла самаадвод, што да пасады старшыні. Аднак заявіла, што для яе будзе вялікім гонарам стаць намесьніцай Сьвятланы Aлексіевіч. Але пры ўмове, што зьмены ў статут будуць прынятыя раней, чым адбудзецца наступны зьезд.

За Сьвятлану Алексіевіч прагаласавалі 44 сябры ПЭН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Алексіевіч падтрымала Тацяну Нядбай на зьезьдзе Беларускага ПЭН-Цэнтру

Першай намесьніцай старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтру абраная Тацяна Нядбай. За яе прагаласавалі таксама 44 чалавекі, супраць ніхто не прагаласаваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску адкрыўся зьезд Беларускага ПЭН-Цэнтру

Што да выбараў другога намесьніка, былі прапанаваныя кандыдатуры Паўла Анціпава і Андрэя Хадановіча. Анціпаў узяў самаадвод, Хадановіч заявіў, што не зьбіраўся ісьці ў кіраўніцтва, але выказаў згоду.

Павал Севярынец прапанаваў вылучыць на пасаду другога намесьніка Аляксея Шэіна. Алесь Бяляцкі сказаў, што Шэін занадта малады, і папрасіў падтрымаць Андрэя Хадановіча.

За Шэіна прагаласавалі 4 чалавекі, за Хадановіча — 40. Такім чынам, другім намесьнікам старшыні абраны Андрэй Хадановіч.

На пасаду трэцяга намесьніка старшыні Тацяна Нядбай прапанавала вылучыць Марыю Мартысевіч. Былі прапановы вылучыць Аляксея Шэіна, Паўла Анціпава, Дзьмітрыя Строцава. Анціпаў і Строцаў узялі самаадвод. У выніку трэцяй намесьніцай старшыні была абраная Марыя Мартысевіч.

Рада Беларускага ПЭН-Цэнтру абіралася шляхам рэйтынгавага галасаваньня, сябрамі Рады абраныя Ўладзімер Арлоў («за» — 41 голас), Лявон Баршчэўскі (33 галасы), Сяргей Дубавец (28 галасоў).