Telegram-канал «Мая краіна Беларусь» захапілі махляры

Уладальнік Telegram-каналу «Мая краіна Беларусь» Сяргей Бяспалаў

Telegram-канал «Мая краіна Беларусь», які мае каля 18 тысяч падпісантаў, 7 лістапада скралі невядомыя.

Як паведаміў Радыё Свабода ўладальнік каналу Сяргей Бяспалаў, махляры прадставіліся рэклямадаўцамі букмэкера 1хbet. Яны нібыта хацелі замовіць рэкляму ў іншай суполцы Бяспалава, ЧП. ​

Яны папрасілі паказаць экран праз скайп, каб пацьвердзіць, што суполка сапраўды належыць Бяспалаву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Freedom House: Інтэрнэт у Беларусі несвабодны, як і ў Расеі

Прыблізна а 13-й гадзіне, пакуль той гэта рабіў, на ягоную пошту сталі прыходзіць паведамленьні аб зьмене паролю, і махляры ўсё гэта ўбачылі праз скайп, кажа Бяспалаў. Праз тры хвіліны невядомыя ўжо завалодалі акаўнтам, зьмянілі пароль, пошту і тэлефон, а потым выдалілі сам акаўнт і перанесьлі ўсе правы на іншы.

Бяспалаў кажа, што напісаў у тэхнічную падтрымку Telegram, але на момант гэтай публікацыі не атрымаў адказу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дамінаваньне Расеі і дэзынфармацыя: экспэрты вызначалі 7 інфармацыйных пагроз Беларусі