Tinder, Instagram і раённыя чаты: Якія новыя тэхналёгіі выкарыстоўваюць кандыдаты ў дэпутаты

Аляксей Лазараў і Даніла Лаўрэцкі з «Моладзевага блёку»

Акаўнт у Instagram да выбараў завяла былая міністарка Лілія Ананіч, а дыплямат Андрэй Савіных спрачаецца ў Facebook. На што ідуць кандыдаты, каб дагрукацца да аўдыторыі? Свабода сабрала прыклады.

Агітацыя ў Tinder

Папулярны сэрвіс для знаёмстваў Tinder, аказваецца, можна выкарыстоўваць і ў палітыцы. «Моладзевы блёк», які аб’ядноўвае 8 кандыдатаў, мае два акаўнты ў гэтай праграме: мужчынскі і жаночы. Так кандыдаты хочуць дагрукацца да моладзі, якая знаёміцца ў гэтым сэрвісе.

«Таксама мы робім сторыс у Instagram, запытваемся ў людзей, якія трэкі ставіць на сустрэчах. Мы выкарыстоўваем гарадзкія чаты, напрыклад, я выкарыстоўваю чат студэнцкай вёскі ў Telegram, там я анансаваў свае сустрэчы з выбарцамі», — расказвае адзін з кандыдатаў «Моладзевага блёку» Стас Шашок.

Стас Шашок на перадвыбарчым пікеце

Былая міністарка ў Instagram

Новыя сродкі ў перадвыбарчай агітацыі спрабуюць ня толькі кандыдаты ад моладзі. Былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч да выбараў завяла Instagram і Facebook. У Instagram Лілія Ананіч выкладае фатаздымкі зь перадвыбарчых сустрэч, а ў яе акаўнце адразу напісана, што яна кандыдат у дэпутаты. Цяпер на яе акаўнт падпісаныя 185 чалавек.

У Facebook Лілія Ананіч актыўна апісвае свае сустрэчы з выбарцамі:

«За два мінулыя дні паднабралася сустрэч. Дзялюся. Была ў Навасадзкай сярэдняй школе, на сходах грамадзян у Неманіцы, Глівіне, Барані, Навасёлах. Для людзей важна ведаць свайго кандыдата ў твар. Жартуюць: будзе з каго спытаць! Выбачаюцца, папракнуўшы мяне за ня зробленае іншымі. Гавораць адкрыта, маўляў, галасаваць не зьбіраўся, а вось прыехалі да нас, і прагаласую за вас. І я не хаваю: важны кожны ваш голас!» — апісвае Лілія Ананіч свае агітацыйныя сустрэчы.

Сяброў у былой міністаркі пакуль няшмат — менш за дзясятак, можа таму ў фэйсбучных баталіях яна ня ўдзельнічае.

Дыпляматы «на франтах» Facebook

Былы прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў, а цяпер кандыдат у дэпутаты Андрэй Савіных актыўна ўступае ў спрэчкі ў Facebook. Старшыня БСДП «Грамада» Ігар Барысаў выклаў фота, дзе на ягоную сустрэчу з выбарцамі ніхто не прыйшоў. Андрэй Савіных падтрымаў яго падобным жа фота са сваёй сустрэчы. Але ў сацсетцы ён актыўна спрачаецца з тэзісам, што «выбараў у Беларусі няма».

Актыўна вядзе свой акаўнт у Facebook яшчэ адзін дыплямат — Валер Варанецкі, старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня. Цяпер Валер Варанецкі балятуецца ў Палату прадстаўнікоў яшчэ на адзін тэрмін.

Кандыдаты-стрымэры ў Youtube

Youtube у гэтай палітычнай кампаніі актыўна выкарыстоўвалі кандыдаты-блогеры. Напрыклад, Дзьмітры Казлоў з Воршы асьвятляў там і свае сустрэчы з выбарцамі, і праблемы, якія хацеў вырашаць у Палаце прадстаўнікоў. Але Дзьмітрыя з выбараў зьнялі — за абразьлівыя, на думку камісіі, плякаты на пікетах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ніхто ня будзе змагацца, людзей зробяць рабамі»: Блогера з Воршы зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пітэр Памяранцаў: «Facebook прыдуманы як велізарнае рэаліці-шоу»