«Ісламскі джыхад» і Ізраіль дамовіліся аб спыненьні агню

Ізраільская сыстэма супрацьпаветранай абароны «Жалезны купал» у дзеяньні, Ашкелон, 13 лістапада 2019

Радыкальная палестынская групоўка «Ісламскі джыхад» і Ізраіль дамовіліся аб спыненьні агню. Інфармацыю аб перамір’і пацьвердзіла Армія абароны Ізраіля і прадстаўнікі ісламістаў.

Агенцтва AFP паведамляе, што перамір’е было дасягнутае пры пасярэдніцтве Эгіпту. Згодна з дамоўленасьцямі, усе палестынскія групоўкі аднаўляюць спакой падчас дэманстрацый у сэктары Газы. У сваю чаргу Ізраіль спыняе баявыя дзеяньні падчас «маршаў вяртаньня» ў Палестынскай аўтаноміі.

Чарговае абвастрэньне палестынска-ізраільскіх адносін адбылося 12 лістапада пасьля апэрацыі Ізраілю супраць аднаго зь лідэраў «Ісламскага джыхаду». У адказ палестынцы запусьцілі па ізраільскай тэрыторыі каля 400 ракет. Большасьць зь іх перахапіла сыстэма супрацьпаветранай абароны «Жалезны купал».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль зьнішчыў лідэра «Ісламскага джыхаду». Палестынскія радыкалы пагражаюць «крывавай помстай»

За час канфлікту ў Ізраілі па дапамогу да мэдыкаў зьвярнуліся каля 80 чалавек. Па дадзеных міністэрства аховы здароўя Газы, загінула 34 палестынцы, уключаючы восем непаўналетніх. Раненьні атрымалі больш за 100 чалавек.

Антыізраільская акцыя пратэсту «Вялікі марш вяртаньня» пачалася ў сэктары Газа вясной 2018 году. Паводле арганізатараў акцыі, яны хочуць прыцягнуць увагу да лёсу палестынцаў, якія, як сьцьвярджаецца, ня могуць вярнуцца ў дамы сваіх продкаў на тэрыторыі, што адышла Ізраілю больш за 70 гадоў таму.