У цэнтры Менску раскапалі месца, дзе стаялі дом Купалы і славутая лазьня. ФОТА

На месцы раскопак у парку імя Янкі Купалы

Парк імя Янкі Купалы ўвесь перакапаны — тут будаўнікі пракладваюць траншэі пад кабэль для дадатковага асьвятленьня. Сябра грамадзка-назіральнай камісіі ў ахове помнікаў пры Міністэрстве культуры Павал Каралёў сьцьвярджае, што пры гэтых работах могуць разбурыць падмуркі ўнікальных будынкаў, якія стаялі некалі тут, — дома Янкі Купалы і лазьні Плаўскага.

Свабода пабывала на месцы раскопак, пагаварыла і з Паўлам Каралёвым, і з археолягамі, якія таксама прыехалі ў парк.

На месцы парку да вайны быў жылы раён, стаяў дом Янкі Купалы, лазьня Плаўскіх

Парк Янкі Купалы быў закладзены ў 1949 годзе і раней называўся паркам імя 30-годзьдзя БССР. Да вайны тут быў зацішны квартал Менску, некалькі вуліц (Садовая, Садовая набярэжная, Хрышчэнская), забудаваных адна- і двухпавярховымі дамамі. Знаходзіўся тут і дом Янкі Купалы, дзе паэт жыў з 1927-га па 1941 год. Дарэчы, стаяў толькі адзін двухпавярховы напалову цагляны будынак, астатнія былі драўляныя хаты.

Цяпер у парку праходзіць «рэканструкцыя добраўпарадкаваньня парку»

Гэты раён апісвае ў сваіх успамінах «Забыцьцю не адданае» Юлія Андрусышын — маці вядомага сьпевака Данчыка (Багдана Андрусышына). Яе сям’я жыла ў адзіным двухпавярховым доме па вуліцы Садовай, 2.

На пяты дзень Вялікай Айчыннай Менск моцна бамбавалі, усе жылыя дамы згарэлі. А вось лазьня Плаўскага з чырвонай цэглы цудам захавалася. Яе зьнесьлі ўжо ў пачатку 1960-х. Прыблізна на месцы дома Янкі Купалы пабудавалі музэй.

Музэй Янкі Купалы ў парку

Павал Каралёў: «Мая ідэя — каб у парку была зроблена музэефікацыя»

Павал Каралёў кажа, што ўсе работы ў парку павінны праходзіць пад пільным наглядам археолягаў Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Апошнімі днямі, праходзячы паркам, ён стаў знаходзіць розныя рэчы. У адным месцы, дзе, магчыма, стаяў дом Янкі Купалы, Павал знайшоў рэшткі шкляной попельніцы, аскепкі парцалянавага посуду.

Павал Каралёў паказвае знойдзенае падчас раскопак

У чацьвер бліжэй да Сьвіслачы, дзе знаходзілася лазьня Плаўскіх, ён знайшоў фрагмэнты кафлянай печы, кручкі, заслонку, сякеру, шкляны флякончык.

«Будаўнікі хацелі сёньня раніцай падмуркі разбурыць. Я выклікаў археолягаў — хачу, каб падмуркі лазьні захаваліся. Ва ўспамінах Пімена Панчанкі згадваецца гэтая лазьня: «Мы часьцей, чым была патрэба, хадзілі парыцца ў гэтую лазьню, спадзеючыся, што з доміка насупраць выйдзе Купала», — цытуе Панчанку Павал Каралёў.

Рэшткі шкляной попельніцы, аскепкі парцалянавага посуду, фрагмэнты кафлі, знойдзеныя падчас раскопак

«Мая ідэя — каб у парку была зроблена музэефікацыя: каб раскапалі падмуркі лазьні Плаўскага, потым закансэрвавалі.

За музэем растуць явар і каліна (ёсьць такі верш Купалы), ляжыць камень, дзе быў уваход на тэрыторыю падворку Янкі Купалы, ёсьць таполя. Праўда, таполя, якую пасадзіў Купала, згарэла, але пляменьніца пасадзіла ад яго галінку, і вырасла новае вялікае дрэва», — дзеліцца сваімі марамі Павал Каралёў, які водзіць экскурсіі ў гэтым парку.

У чацьвер раніцай Павал напісаў ліст у Міністэрства культуры, каб вельмі ўважліва паставіліся да падмуркаў.

Знаходкі падчас раскопак у парку імя Янкі Купалы

Археолягі сьцьвярджаюць, што кабэль пракладуць пад падмуркамі

У парку, дзе цяпер працуюць будаўнікі, Свабода сустрэла і археолягаў — Аляксандра Мядзьведзева і Сяргея Дзярновіча, якія штосьці абмяркоўвалі з майстрам і прарабам упраўленьня капітальнага будаўніцтва Цэнтральнага раёну.

Археоляг з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Аляксандар Мядзьведзеў сьцьвярджае, што пакуль нічога яшчэ не разбурылі. І нічога асабліва каштоўнага пры пракладваньні траншэй, прынамсі на меркаваным месцы лазьні Плаўскага, не знайшлі.

Археоляг Аляксандар Мядзьведзеў

«Знайшлі ржавыя рыдлёўкі, але яны не рарытэтныя, даволі сучасныя. Так, знайшлі цэглу з рэшткамі раствору. Мяркуючы па тым, што гэта не цэмэнт, а гашаная вапна, цэгле больш за 100 гадоў. А наагул нашы продкі, узводзячы падмуркі, асабліва ня думалі аб прамярзаньні: шырыня ўсяго да 1 мэтра, глыбіня — 0,5 мэтра. Цяпер будаўнікі глыбока не капаюць. Глыбіня 50-70 см — гэта максымум разбурэньняў, якія будаўнікі тут будуць рабіць», — спадар Мядзьведзеў паказвае раскопы каля падмуркаў меркаванай лазьні Плаўскага.

Будаўнікі і археолягі кажуць, што кабэль пройдзе пад падмуркамі, яны ня будуць пашкоджаныя.

На месцы раскопак

Археолягі запэўніваюць, што яны будуць кантраляваць работы, у іх заключана дамова ва УКБ Цэнтральнага раёну. Да таго ж сочыць і «Тэхбудкантроль».

Аднак ужо ўвечары ў чацьвер Павал Каралёў напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку»:

«Тут нечакана высьветліліся, што падмуркі знаходзяцца на глыбіні каля 1,5 мэтра. Археолягі меркавалі, што ня больш за 70 см, як у іншых частках Менску. Таму зараз дылема».

Павал Каралёў