Кіраўнік Чачні Кадыраў назваў рэжысэра Сакурава «цацкай у руках лялькаводаў»

Аляксандар Сакураў

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што расейскі кінарэжысэр Аляксандар Сакураў «стаў падобны да цацкі ў руках лялькаводаў» і што яго варта было б «заклікаць да адказнасьці ў адпаведнасьці з законам».

Нагодай для запісу ў тэлеграм-канале Кадырава стала пытаньне Сакурава, зададзенае напярэдадні на сустрэчы чальцоў Савету па правах чалавека з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. «Як можа быць, што салдаты Пскоўскай дывізіі, загінулыя [падчас вайны ў Чачні] носяць тое ж званьне, што і Кадыравы, якія зь імі ваявалі? І як зразумець, што яны, тыя, хто ваяваў з Расеяй, гэтыя воінскія ўзнагароды прымаюць?» — спытаў рэжысэр, маючы на ўвазе званьне Героя Расіі, якога былі ўдастоены цяпер нябожчык бацька Рамзана Кадырава Ахмат-Хаджы і сам кіраўнік Чачні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дарагі Рамзан». Лукашэнка ўручыў Кадыраву ордэн Дружбы народаў

Сакураў казаў у сваім выступе пра маштабныя парушэньні правоў чалавека ў Інгушэтыі і наогул на Каўказе. Ён прапанаваў «асэнсаваць старыя фэдэратыўныя і сталінскія кавэрны, адпусьціць на вольны хлеб ўсіх, каму не патрэбна Расея і наша культура, перастаць аплачваць неўтаймаваную пасіянарнасьць каўкаскага сэктару».

Пуцін у адказ заявіў, што нейкія людзі захацелі выкарыстаць чачэнскі народ для разбурэньня Расеі, аднак прадстаўнікі гэтага народу «ўсталі на бок Расіі», і калі нехта зь іх «працуе на яе, абараняе яе, гатовы аддаць за яе жыцьцё, ён варты таго, каб звацца Героем Расійскай Федэрацыі ». Канкрэтна імёнаў Кадырава ці некага з ягонага атачэньня, хто атрымаў званьне героя, Пуцін не назваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі рэжысэр Сакураў: пасьля пытаньня Пуціну пра Сянцова мой тэлефон праслухоўвае ФСБ

Бацька Кадырава і сам Рамзан Кадыраў у першую чачэнскую вайну былі на баку сэпаратыстаў, якія ваявалі супраць фэдэральных сіл. Пасьля пачатку другой вайны ў Чачні Ахмат Кадыраў і ягоныя прыхільнікі перайшлі на бок Масквы.