У Горадні затрымалі яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі за незалежнасьць Беларусі. ВІДЭА

Сяргей Верамеенка (справа), падчас акцыі за незалежнасьць 15 сьнежня

Сябра Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі з Горадні Сяргея Верамеенку затрымалі ў жывым эфіры каля 11.10 20 сьнежня.

Абноўлена 18:22: Верамеенку аштрафавалі на 765 рублёў, цяпер ён знаходзіцца на волі, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Верамеенка вёў відэатрансляцыю ў «Фэйсбуку». На відэа чуваць, што ён спрабуе выехаць на працу з хаты. Пад домам Верамеенкаў стаяў белы аўтобус. Адтуль выйшлі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і папрасілі Верамеенку «праехаць зь імі».

«Вядзецца адміністрацыйны працэс з нагоды ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве 15 сьнежня», — паведаміў чалавек, які назваўся супрацоўнікам міліцыі.

Затрыманага павезьлі ў РАУС Ленінскага раёну Горадні. Верамеенка ўдзельнічаў у ланцугу за незалежнасьць на мосьце ў Горадні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніка БНФ на Горадзеншчыне затрымалі, аштрафавалі і адпусьцілі