Індэкс аўтазака. Калі беларус мог сплаціць найбольш штрафаў за мітынгі?

Беларускія апазыцыянэры нярэдка заяўляюць, што суды за мітынгі ідуць як «канвэер»: прысуды нібыта гатовыя яшчэ да разгляду справы. Частае пакараньне паводле артыкулу 23.34 КаАП РБ для тых, каго назвалі арганізатарам, — штраф 50 базавых велічыняў.

Але жорсткасьць гэтага пакараньня мянялася залежна ад эканамічнай сытуацыі: улады пераглядалі базавую велічыню, а гэтая велічыня мела розную «вагу» адносна заробкаў у краіне.

Так, за першыя 11 месяцаў 2019 году (зьвестак за сьнежань яшчэ няма) сярэдні налічаны заробак у Беларусі склаў 1077,5 рубля, а базавая велічыня пры гэтым складала 25,5 рубля. Гэта значыць, што сярэдні заробак склалаў 85% «стандартнага» штрафу арганізатару мітынгу, а за год на сярэдні заробак можна зладзіць толькі 10 мітынгаў, калі ні на што больш не выдаткоўваць грошы.

Самы «заможны» год для арганізатараў мітынгаў за апошні час — 2011-ы, калі сярэдні налічаны заробак за год складаў 109% «стандартнага» штрафу, а за цэлы год на сярэдні заробак можна было зладзіць 13 мітынгаў. А за два гады да таго, у 2009-м, заробак складаў 56% ад штрафу — менш за 7 мітынгаў на год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сумленьня ў мяне няма», — сьведка-амапавец на судзе над Севярынцам. Апазыцыянэра папярэдзілі за заклікі да акцыі 7 сьнежня

Зь цягам часу ў Беларусі сталі прысуджаць менш арыштаў і больш штрафаў — а некаторым выпісвалі больш за 10 штрафаў цягам году. Але і арышт не бясплатны для «парушальніка»: кожны дзень аплочваецца так, што выгадней было б жыць у гостэле і харчавацца фастфудам.

Зрэшты, каб быць аштрафаваным або арыштаваным за «парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства», неканечне ладзіць мітынг. Напрыклад, у 2017 годзе арганізатаркай «Маршу недармаедаў» назвалі журналістку Свабоды, якая выконвала рэдакцыйнае заданьне, асьвятляючы пратэсты.

Звычайна ў Беларусі трэба загадзя атрымліваць дазвол уладаў на акцыі пратэсту. Выключэньне — некалькі месцаў далёка ад цэнтраў гарадоў, у якіх акцыі можна ладзіць паводле «паведамляльнага» прынцыпу (і гэта не бясплатна). Але і ў такіх месцах могуць адмовіцца дапускаць акцыю, спаслаўшыся на рамонт або імпрэзы «канкурэнтаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арышт альбо штраф — што лепей? Разважаюць пакараныя ўдзельнікі акцый пратэсту