Амэрыканскім вайскоўцам забаранілі карыстацца TikTok

Ілюстрацыйнае фота

Амэрыканскае войска ўвяло забарона на выкарыстаньне сацыяльнай сеткі TikTok, якая належыць кітайскай кампаніі. Улады ЗША падазраюць яе ў выкраданьні дадзеных карыстальнікаў, паведамляе амэрыканскі партал Military.com.

«Праграма лічыцца кібэрпагрозай, — заявіў прэс-сакратар Узброеных сілаў ЗША Робін Ачоа. — Мы не дазваляем ёй карыстацца на службовых тэлефонах».

16 сьнежня Міністэрства абароны ЗША апублікавала паведамленьне, у якім указваецца, што «TikTok нясе патэнцыйныя пагрозы бясьпецы». Кіраўніцтва загадвае ўсім супрацоўнікам Міністэрства абароны з асьцярогай ставіцца да загружаных прыкладаньняў, правяраць зьмесьціва тэлефонаў на наяўнасьць незвычайных і непажаданых тэкстаў, а таксама неадкладна выдаляць іх і дэўсталёўваць TikTok, каб пазьбегнуць уцечкі асабістай або канфідэнцыйнай інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацсетка TikTok гатова супрацоўнічаць з расейскімі ўладамі

Пры гэтым Мінабароны ЗША ня можа забараніць вайскоўцам выкарыстоўваць TikTok на асабістых тэлефонах.

TikTok — сацыяльная сетка, якая належыць кітайскай кампаніі і дазваляе ствараць кароткія музычныя відэа, прамыя эфіры і абменьвацца паведамленьнямі.