Новы скандал вакол рэстарацыі, на закрытую імпрэзу ў якой прыяжджаў Лукашэнка 

Аляксандар Лукашэнка на закрытай імпрэзе ў рэстарацыі «Лебядзіны». Кард зь відэа @margarita.levchuk.official via Instagram

11 студзеня ў Менску адкрываецца рэстаран «Лебядзіны», дзеля якога ўлады пасунулі межы прыроднага запаведніка.

Напярэдадні 10 студзеня PR-дырэктарка рэстарацыі Вікторыя Мароз апублікавала гісторыю ў Instagram з фота дзюбы качкі з подпісам: «Хто там праз птушак бедаваў, а? Заўтра афіцыйна адкрываемся. Усіх чакаем, любыя ненавісьнікі. Пакажы свой злосны камэнтар у СМІ і атрымай фірмовую страву ў падарунак», паведаміла Наша Ніва.

Пазьней высьветлілася, што гэта здымак з рэстарану ў Капэнгагене. Пасьля бурнай рэакцыі людзей на гэты пост Вікторыя Мароз закрыла сваю старонку ў сацыяльнай сетцы. Піяр-мэнэджэрка рэстарану «Лебядзіны» Вікторыя Мароз у інтэрвію Нашай Ніве абвінаваціла ў крывадушнасці тых, хто пакідае гнеўныя каментары на яе старонках у сацсетках. Раней у камэнтары для TUT. BY Вікторыя Мароз казала, што пасьля будаўніцтва рэстарану птушкам стала толькі лепш.

21 сьнежня 2019 году ў Менску напрайшла ўрачыстая вечарына ў рэстарацыі «Лебядзіны», на якой прысутнічаў кіраўнік дзяржавы, які і дазволіў яе будаўніцтва ў заказьніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка «таемна» выступіў на адкрыцьці рэстарацыі ў раёне заказьніка «Лебядзіны»

За апошнія гады ад тэрыторыі заказьніка «Лебядзіны» каля Менску адрэзалі пад будаўніцтва 8 га зямлі з агульных 51,5 га. У лістападзе на тэрыторыі, што ўваходзіла ў заказьнік, здалі ў эксплюатацыю рэстарацыю «Лебядзіны», якую збудавала кампанія «Тапас» і якая мае належыць Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту.

Будаўніцтва рэстарацыі прызнавалі незаконным, але пракуратура Менску ня ўбачыла падставаў для прыняцьця мераў пракурорскага рэагаваньня на парушэньне закону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што будзе зь «Лебядзіным». Як унікальны менскі заказьнік зьмяншаюць дзеля дарагіх дамоў і рэстарана. МАПА

Летась забудоўніка аштрафавалі за працы без дазволу, але ўказам Лукашэнкі ад 5 сьнежня 2018 году № 468 у генплян Менску тэрмінова ўнесьлі зьмены — будоўлю выключылі з зоны прыродных тэрыторыяў пад асаблівай аховай.