ЗША абвінавацілі Расею ў перашкодзе замірэньню ў Сырыі

Пасьля авіяўдараў у Сырыі, ілюстрацыйнае фота, 2019 год

Дзяржсакратар ЗША заявіў, што Расея перашкаджае рэжыму спыненьня агню ў Сырыі. Майк Пампэо назваў «бязьлітаснымі» дзеяньні расейскіх войскаў, а таксама праіранскай радыкальнай групоўкі «Хезбала», якія падтрымліваюць рэжым прэзыдэнта Башара Асада.

У сярэдзіне сьнежня ўрадавыя войскі пры падтрымцы расейскай авіяцыі аднавілі наступ у правінцыі Ідліб. Гэта апошняя тэрыторыя на захад ад ракі Эўфрат, якую кантралюе ўзброены сырыйская апазыцыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея нанесла авіяўдары па паўночным захадзе Сырыі, ёсьць ахвяры

За тыдзень у зоне дээскаляцыі Ідліб у Сырыі загінулі дзясяткі чалавек. Ад інтэнсіўных абстрэлаў свае дамы пакінулі каля 350 тысяч жыхароў. Краіны Захаду асьцерагаюцца, што наступ можа прывесьці да гуманітарнага крызісу.

Масква і Дамаск адхіляюць абвінавачаньні ў невыбіральным бамбаваньні. Яны сьцьвярджаюць, што наносяць удары толькі па пазыцыях баявікоў.