Сьмяротны прысуд за забойства 8-месячнай дзяўчынкі ў Лунінцы пакінулі ў сіле

Віктар Сяргель і Натальля Колб, архіўнае фота

31 студзеня Вярхоўны суд у закрытым рэжыме разгледзеў скаргу на рашэньне Берасьцейскага абласнога суду ў справе аб забойстве 8-месячнай дзяўчынкі.

Прысуд Берасьцейскага абласнога суду пакінулі бязь зьменаў — сьмяротны прысуд і 25 гадоў калёніі агульнага рэжыму.

48-гадовага жыхара Лунінца Віктара Сяргеля і яго 26-гадовую знаёмую Натальлю Колб (маці забітай дзяўчынкі) прызналі вінаватымі ў групавым забойстве з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх памкненьняў. Паводле рашэньня Берасьцейскага абласнога суду, Сяргеля прыгаварылі да сьмяротнага пакараньня, а Колб — да 25 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забойцам 8-месячнай дзяўчынкі прысудзілі расстрэл і 25 гадоў калёніі

На разгляд скаргі у Менск з Лунінца прыехаў бацька забітай дзяўчынкі. Размаўляць з журналістамі ён ня стаў.

Скаргу на сьмяротны прысуд падаў ня Віктар Сяргель, а ягоны адвакат. Разгляд скаргі, як і сам працэс, праходзілі ў закрытым рэжыме. Перад журналістамі зачыталі толькі выніковую частку рашэньня суду.

Асуджаны мае права падаць прашэньне аб памілаваньні на імя кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Трагедыя адбылася ў Лунінцы ўвечары 27 кастрычніка 2018 году. Абвінавачанымі ў справе праходзяць 26-гадовая маці дзіцяці і яе 48-гадовы знаёмы. Дзеяньні кожнага зь іх кваліфікаваныя як забойства заведама малалетняга, учыненае з асаблівай жорсткасьцю з хуліганскіх памкненьняў. Паводле праваахоўных органаў, у той дзень мужчына і жанчына разам расьпівалі сьпіртныя напоі. Пасьля яны «беспадстаўна, спосабам, заведама спалучаным з прычыненьнем асаблівых пакут, нанесьлі дзяўчынцы ня менш за 46 траўматычных узьдзеяньняў».

Бацькі загінулай дзяўчынкі ў момант забойства дома не было. Ён знайшоў цела ахвяры, калі вярнуўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забілі за 50 рублёў. У Слуцку судзяць банду, якая нападала на старых