«У Амэрыку вярнуўся росквіт». Трамп выступіў з дакладам аб становішчы ЗША

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Увечары 4 лютага прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выступіў на сумесным пасяджэньні абедзьвюх палат Кангрэсу са штогадовым дакладам аб становішчы краіны.

Даклад, зроблены за 9 месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў, прагучаў як перадвыбарчы выступ прэзыдэнта, са справаздачай аб дасягненьнях і прамай крытыкай у адрас апанэнтаў. На думку Трампа, тры гады ягонага прэзыдэнцтва вярнулі Злучаным Штатам росквіт: памяншэньне рэгуляваньня эканомікі, зьніжэньне падаткаў і новыя гандлёвыя дамовы сталі галоўнымі прычынамі ўстойлівага эканамічнага росту апошніх гадоў.

Паводле Трампа,

  • за тры гады было створана 7 мільёнаў новых працоўных месцаў,
  • беспрацоўе зьнізілася да найніжэйшага за 50 гадоў узроўню,
  • рэкордна нізкае беспрацоўе і рэкордна высокая занятасьць зафіксавана сярод афраамэрыканцаў,
  • рэзка зьнізіўся ўзровень беднасьці, ЗША ператварыліся ў найбуйнейшага ў сьвеце самадастатковага вытворцу энэргарэсурсаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмакраты ў Сэнаце ЗША заявілі, што Трамп пагражае амэрыканскай дэмакратыі

Трамп зрабіў акцэнт на тым, што ўсяго гэтага ўдалося дамагчыся дзякуючы таму, што ён перакрэсьліў палітыку адміністрацыі свайго папярэдніка дэмакрата Барака Абамы. Падчас прамовы ён уступіў у амаль адкрытую палеміку з апанэнтамі з Дэмакратычнай партыі па розных пытаньнях. Сярод іншага,

  • Апаніруючы дэмакратам, якія патрабуюць дадатковых грошай на дзяржаўныя школы, Трамп заклікаў Кангрэс выдзяліць грошы на праграму дапамогі бацькам, якія хочуць адправіць дзяцей у прыватныя школы, а не «ў недзеяздольныя дзяржаўныя».
  • Абвясьціўшы пра посьпех спробаў перапыніць плынь нелегальнай міграцыі ў ЗША, Трамп абвінаваціў дэмакратаў у падтрымцы нелегалаў, якіх некаторыя штаты і гарады не выдаюць на патрабаваньне фэдэральнай іміграцыйнай службы і даюць ім бясплатнае мэдыцынскае абслугоўваньне.
  • Заявіўшы, што ён згарнуў палітыку пашырэньня сувязяў з Кубай, Трамп абвясьціў, што ЗША аднавілі падтрымку дэмакратычных сілаў у Лацінскай Амэрыцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінальнае галасаваньне ў справе аб імпічмэнце Трампа адбудзецца 5 лютага

Трамп падкрэсьліў стаўку на ўмацаваньне абараназдольнасьці ЗША, значнае павелічэньне абароннага бюджэту, заявіў пра неабходнасьць скончыць амэрыканскую вайсковую прысутнасьць у Аўганістане.

Гаворачы пра пляны, Трамп заявіў пра намер кінуць значныя сродкі на абнаўленьне інфраструктуры краіны, на арганізацыю палётаў на Месяц і Марс і на канчатковую перамогу над эпідэміяй СНІДу, якая, паводле яго, можа быць дасягнутая да канца дзесяцігодзьдзя.

Заканадаўцы-дэмакраты амаль не пляскалі прэзыдэнту, а некаторыя зь яго заяваў былі сустрэтыя гулам абурэньня зь іх боку. Дзесяць заканадаўцаў-дэмакратаў байкатавалі зварот прэзыдэнта да Кангрэсу.

Падчас выступу Трамп нічога не сказаў аб працэсе імпічмэнту, які павінен завяршыцца 5 лютага галасаваньнем у Сэнаце ЗША. Перад пачаткам выступу ён не падаў рукі сьпікеру Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі, якая ініцыявала працэс імпічмэнту.

Адразу пасьля завяршэньня выступу Пэлосі, якая займала разам зь віцэ-прэзыдэнтам ЗША Майкам Пэнсам адно з двух старшынскіх крэслаў, разарвала тэкст выступу прэзыдэнта Трампа.