Невядомыя закідалі фарбай суд, які асудзіў анархістаў за закідваньне фарбай іншага суду

Суд Савецкага раёну Менску, 1 сакавіка

Актывіст анархісцкага руху перадаў Свабодзе, што ў чатах анархістаў расказваюць: нехта закідаў фарбай суд Савецкага раёну Менску. Днём 1 сакавіка на будынку сапраўды бачныя сьляды чырвонай фарбы.

Адна з анархісцкіх суполак, «Чорная ружа», піша ў Telegram, што «крывавыя разводы на сьценах вашых судоў далёка ня цалкам характарызуюць сутнасьць вашай працы», і бярэ на сябе адказнасьць за акцыю.

Суполка піша, што «цяпер гэта проста фарба, але вашыя рэпрэсіі і драконаўскія тэрміны актывістам анархісцкага руху не пужаюць нас, толькі распальваюць праведную нянавісьць да несправядлівасьці».

Менавіта суд Савецкага раёну 12 лютага асудзіў анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара на 7 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за два эпізоды шкоды будынкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі асуджаных анархістаў палітвязьнямі і патрабуюць перагляду прысуду 

Іх прызналі вінаватымі ў тым, што:

  • у будынак Менскага гарадзкога суду кінулі лямпачку з чырвонай фарбай — ніхто не пацярпеў, шкоду ацанілі ў 143 рублі, шкода была кампэнсаваная;
  • у будынак СІЗА на вуліцы Валадарскага спрабавалі кінуць «кактэйль Молатава» — ніхто не пацярпеў, вадкасьць разьлілася пад дзьвярыма і загарэлася, шкоду ацанілі ў 1,48 рубля, шкода была кампэнсаваная.

Емяльянаў прызнаў віну ў пашкоджаньні будынкаў — казаў, што так пратэставаў супраць працэсу над актывістам Зьмітром Паліенкам. Але на судзе ён казаў, што лічыць вырак палітычна матываваным і будзе яго абскарджваць. Іван Комар здымаў дзеяньні Мікіты Емяльянава на відэа, але не прызнаў сябе вінаватым у пашкоджаньні будынка. Абодвух прызналі палітычна зьняволенымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ні аб чым не шкадую», — асуджаны на 7 гадоў анархіст Емяльянаў