На праймэрыз у Віцебску Севярынец набраў больш за палову галасоў

Павал Севярынец, архіўнае фота

На выбарах адзінага кандыдата ад апазыцыі ў Віцебску сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец атрымаў 66 галасоў з 101, паведамляе БелаПАН.

Па 15 галасоў атрымалі Мікалай Казлоў (АГП) і Юры Губарэвіч («За свабоду»). 4 — Аляксей Янукевіч (БНФ). За Вольгу Кавалькову з БХД ніхто не прагаласаваў. 1 бюлетэнь быў сапсаваны.

«Вялікі дзякуй Віцебску. Людзі паказалі, што яны гатовыя бараніць свой выбар. Яны паказалі, што гатовыя выходзіць на масавыя мірныя пратэсты. Гэта сыгнал уладам, што трэба здымаць Ярмошыну, Лукашэнка не павінен высоўвацца. „Лукашэнка, сыходзь!“, — сказаў Віцебск», — заявіў пасьля галасаваньня Павал Севярынец.

Гэта была другая сустрэча з актывістамі пасьля Гарадка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я вам прачытаю верш!» Як у Гарадку прайшлі першыя праймэрыз апазыцыі. ФОТА

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Севярынец зусім не гарантаваны пераможца праймэрыз, а Канапацкая яшчэ папсуе ім нэрвы», — Класкоўскі