Усіх, хто прыбывае ў Ізраіль, абавязалі прайсьці 14-дзённы карантын

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу

Ізраіль распаўсюдзіў 14-дзённы карантын на ўсіх, хто прыяжджае ў краіну з-за мяжы, паведамляе Bloomberg. Такім чынам, улады спрабуюць спыніць распаўсюд каранавірусу.

Як паведамляе Бі-бі-сі, замежных грамадзяян гэта будзе тычыцца ад чацьвярга.

У Ізраілі 42 пацьверджаных выпадкі інфэкцыі і ніводнага сьмяротнага выпадку. Улады распарадзіліся памясьціць у карантын дзясяткі тысяч жыхароў краіны, якія падазраюцца ў кантактах з носьбітамі.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заявіў у сувязі з новымі мерамі, што гэта цяжкае рашэньне, але яно адыграе істотную ролю, каб захаваць здароўе жыхароў краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі