«Зрабіў сэлфі — страціў працу». Магілёвец сьцьвярджае, што яго звольнілі за фота зь Пятром Парашэнкам

Аляксей Кірыенка з Магілёва працаваў у кампаніі, якая абслугоўвала дзяржаўныя структуры, у тым ліку мясцовы КДБ.

Аляксей Кірыенка апошнія два з паловай гады працаваў спэцыялістам інфармацыйнага суправаджэньня ў невялікай кампаніі, якая сярод іншага выконвае замовы менскай фірмы «ЮрСпэктар». Абслугоўваў спэцыяльныя праграмы «Кансультант плюс» і Ilex, неабходныя для працы ў тым ліку дзяржаўных органаў.

«Я працаваў у аддзеле, які абслугоўвае магілёўскія дзяржорганы, — расказвае Свабодзе Аляксей. — Гэта і падатковая, і аблвыканкам, і КДБ таксама. Усе, якія ёсьць у Магілёве, фактычна».

Працаваў да пачатку 2020 году. Таму што тады, паводле Аляксея, яго з магілёўскай кампаніі звольнілі пасьля званка зь менскага офісу «ЮрСпэктра». Нагодай, кажа звольнены спэцыяліст, стала ягонае сэлфі з былым прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

«У сьнежні мінулага году ў Кіеве быў саміт EPA — моладзевага крыла Эўрапейскай народнай партыі, — расказвае Аляксей. — Аднымі з арганізатараў была моладзь „Эўрапейскай салідарнасьці“ Пятра Парашэнка. І яны арганізавалі зь ім сустрэчу. На ёй я зрабіў супольны здымак.

Агулам я даўно ў палітыцы. Я ўзначальваю „Маладых дэмакратаў“ і зьяўляюся намесьнікам кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі. З 2011 году я ўсім гэтым займаюся. Кіраўніцтва ў Магілёве гэта ведала, ніякіх пытаньняў да мяне не было ніколі. Але, відаць, здымак з Парашэнкам пабачылі ў Менску і пачалі капаць глыбей пра мяне. Раней яны, як разумею, нічога ня ведалі».

Як расказвае Аляксей, прыкладна праз тыдзень пасьля публікацыі фота яго да сябе выклікаў магілёўскі дырэктар і паведаміў пра званок зь менскага прадстаўніцтва «ЮрСпэктра». Тэлефанаваньне датычыла далейшай супрацы зь ім.

«Магілёўскі дырэктар сказаў, што яны [«ЮрСпэктар». — РС] адмаўляюцца далей са мной супрацоўнічаць, — кажа Аляксей. — Таму што чалавек, які займаецца палітыкай, не павінен абслугоўваць дзяржаўныя органы. Хаця ў саміх дзяржорганах, калі даведаліся пра маё будучае звальненьне, былі незадаволеныя. Са мной асабіста зь менскай кампаніі „ЮрСпэктар“ ніхто не размаўляў».

У выніку Аляксей звольніўся «па згодзе бакоў». Кажа, што не хацеў праблем для калег, супрацай зь якімі цалкам задаволены. У магілёўскай кампаніі яму прапанавалі перавесьціся ў іншы аддзел, аднак Аляксея гэта не задаволіла. Ён прызнае, што за два з паловай гады працы дапускаў памылкі, аднак яны ніколі не былі нагодай для звальненьня.

«ЮрСпэктар» і «Софтмайстар» адмаўляюць

Па словах Аляксея Кірыенкі, звольніць яго папрасіла кіраўніца аддзелу працы зь дзяржаўнымі органамі менскага офісу кампаніі «ЮрСпэктар» Тацяна Шаткевіч. У размове са Свабодай яна гэта адмаўляла.

«Звольніць праз тэлефон на вусную просьбу? — сказала Тацяна Шаткевіч. — Як вы сабе гэта ўяўляеце? Я вам магу сказаць толькі, што не наймала на працу Аляксея Кірыенку, а таксама што я яго не звальняла».

Ці ведае яна такога чалавека асабіста, Тацяна Шаткевіч сказаць адмовілася.

Палітычныя прычыны звальненьня адмаўляе таксама дырэктар магілёўскай кампаніі «Софтмайстар» Міхаіл Прановіч, дзе працаваў Аляксей Кірыенка.

Кіраўнік не адмаўляе, што нядаўна звольніў супрацоўніка з такім імем і прозьвішчам. Аднак прычынай называе не палітычныя погляды і сэлфі з Парашэнкам, а недастатковую кампетэнтнасьць.

«Усё гэта глупства, мы дзейнічаем у прававым полі, — сказаў у размове са Свабодай Міхаіл Прановіч. — Калі чалавек у пэўных сытуацыях не выконвае сваіх абавязкаў, мы зь ім разьвітваемся. Бываюць рэчы, калі чалавек добры, а бывае, калі ён добры альбо дрэнны спецыяліст. Таму мне здаецца ўсё гэта надуманым. Званкоў зь Менску наконт Аляксея не было. Мы па-за палітыкай, працуем выключна ў прававым полі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма прыкметаў шчырага раскаяньня». Апальнага сьвятара Шрамка адхілілі ад службы яшчэ на год