Лукашэнка разьлічвае пераадолець падзеньне гандлю з Кітаем ад пандэміі

Belarus - "Great Stone" China-Belarus industrial park

Беларусь разьлічвае нарасьціць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Кітаем, нягледзячы на адставаньне, якое ўзьнікла ў сувязі пандэміяй каранавірусу.

Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў на сустрэчы з амбасадарам гэтай краіны Цуй Цімінам, перадае БелТА.

«Я не заўважыў, што мы дзесьці праваліліся. Так, была паўза, вы ведаеце, яна не зь Беларусьсю зьвязаная. Мы гэта ўспрымаем нармальна. Таму трэба ня проста аднавіць наша супрацоўніцтва, а і нарасьціць яго сёлета, пераадолеўшы адставаньне. Гэта ў нашых сілах. І мы гэта зробім», — сказаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што «ня верыць у каранавірусы». ВІДЭА

Ён зноў падкрэсьліў, што ня варта засяроджвацца на адным толькі каранавірусе, але беларуская мэдыцына гатовая дзейнічаць «прафэсійна і кропкава», зыходзячы з досьведу як кітайскага, так і ўласнага, цытуе тэлеграм-канал «Пул Первого».

«Справа не ў каранавірусе, справа ва ўсіх вірусах, якія ў гэты час ходзяць па Беларусі. У нас вясной заўсёды нейкі грыпозны пэрыяд. Вось гэта нас турбуе»,— заявіў Лукашэнка.

Таваразварот Беларусі і Кітая летась дасягнуў 4,6 млрд даляраў, павялічыўшыся на 22% у параўнаньні з 2018-м. Экспарт тавараў склаў 712 мільёнаў даляраў і за год узрос на 32%. У Беларусь паступіла кітайскіх інвэстыцый на 170 млн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым карысны кітайскі досьвед змаганьня з каранавірусам

Партфэль праектаў, ухваленых урадам Кітая, уключае будаўніцтва нацыянальнага футбольнага стадыёну, басэйну міжнароднага стандарту, сацыяльнага жыльля і г. д. Найбольш маштабным праектам застаецца індустрыяльны парк «Вялікі камень». Тут зарэгістравана 58 рэзыдэнтаў, сума заяўленых інвэстыцый — 1,2 млрд даляраў.