Пад Асіповічамі праз здарэньне на вайсковым палігоне адсялілі вёску

Дамы ля часьці артылерыстаў у Асіповічах, ілюстрацыйнае фота

Людзей часова разьмясьцілі ў асіповіцкім гатэлі. Перасяліць давялося каля 50 чалавек.

Надзвычайнае здарэньне адбылося на палігоне ля Асіповічаў 25 сакавіка. Паводле афіцыйнага паведамленьня Мінабароны, пацярпелі два салдаты. З апёкамі рознай ступені цяжкасьці іх шпіталізавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двое вайскоўцаў трапілі ў шпіталь з апёкамі з палігону пад Асіповічамі

Як стала вядома Свабодзе, здарэньне на палігоне таксама стала прычынай эвакуацыі цэлай вёскі Паплавы. Пажар на транспартна-зараджальным аўтамабілі мог выклікаць выбух боепрыпасаў. Факт эвакуацыі Свабодзе пацьвердзілі ў Пратасевіцкім сельсавеце.

«Так, учора адбылася эвакуацыя жыхароў вёскі Паплавы, — паведамілі там. — Іх разьмясьцілі ў Асіповічах, у гасьцініцы. У вёсцы прапісана каля 50 чалавек, але ня ўсе пражываюць па месцы прапіскі. Таму складана сказаць, колькі чалавек эвакуавалі. Ніхто зь мясцовых не пацярпеў у выніку здарэньня, гэта самае галоўнае. Сёньня людзі ўжо павінны вярнуцца назад у свае дамы».