Цана на расейскую нафту абвалілася да мінімуму з 1999 году

Нафтавы танкер, ілюстрацыйнае фота

Цана расейскай нафты Urals у Эўропе зьнізілася да 16,20 даляра за барэль. Гэта стала найменшым узроўнем ад чэрвеня 1999 году.

За мінулы тыдзень цана расейскага гатунку нафты ў Заходняй Эўропе ўпала на 5,51 даляра за барэль, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на прэсавы рэліз цэнавага агенцтва Argus.

Удзельнікі рынку не выключаюць даволі працяглага пэрыяду захаваньня нізкіх цэнаў на нафту з прычыны скарачэньня аб'ёмаў нафтаперапрацоўкі.

Новы танкер для Беларусі

Тым часам у літоўскую Клайпеду прыбыў чарговы танкер з сырой нафтай для Беларусі — чацьвёрты за сакавік. Судна даставіла 85 тысяч тон сыравіны, паведамляе Інтэрфакс.

Раней канцэрн «Белнафтахім» паведаміў пра куплю расейскай нафты ў трэйдараў бяз прэміі зь перавалкай у Літве. 4 сакавіка першы танкер прыбыў у порт Клайпеды, нафта пачала паступаць на «Нафтан». Другі танкер прыбыў 17 сакавіка, трэці — 20 сакавіка. Усяго ў сакавіку праз Клайпеду чакаецца пастаўка чатырма танкерамі 320 тысяч тон нафты Urals.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэрспэктывы беларускай эканомікі: варажба на нафтавай гушчы

Таксама ў сакавіку пастаўляць нафту ў Беларусь пачалі пяць невялікіх расейскіх нафтавых кампаній, якія сумарна паставяць 208 тысяч тон. Кампаніі прамыслова-фінансавай групы «Сафмар» плянуюць паставіць у сакавіку на беларускія НПЗ 400 тысяч тон нафты.

Нафтавая кампанія Азэрбайджану ў сакавіку паставіць для Беларусі тры партыі нафты аб’ёмам 250 тысяч тон праз порт Адэсы і нафтаправод Адэса — Броды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гатунак нафты WTI абваліўся ніжэй за 20 даляраў за барэль упершыню за 18 гадоў

Удзельнікі рынку не выключаюць, што праз скарачэньне нафтаперапрацоўкі нізкія цэны на нафту захаваюцца надоўга. Попыт на многія нафтапрадукты ў сьвеце рэзка зьнізіўся пасьля абвалу эканамічнай актыўнасьці з прычыны пандэміі каранавірусу.