«У забойстве не вінаваты». Вярхоўны суд пацьвердзіў апраўдальны вырак грамадзяніну Ізраілю

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь

Вярхоўны суд Беларусі пацьвердзіў невінаватасьць грамадзяніна Ізраілю Алана Левіта ў забойстве, якое адбылося больш за 27 гадоў таму ў Менску.

Летась у сьнежні Алана Левіта прызнаў невінаватым Менскі гарадзкі суд, але пракуратура вынесла пратэст. Разгляд пратэсту праходзіў за зачыненымі дзьвярыма. Рашэньне Менгарсуду судзьдзі з найвышэйшай судовай інстанцыі краіны пакінулі бязь зьменаў.

Забойства, якое разглядаў суд, адбылося ў 1993 годзе ў менскім мікрараёне Серабранцы і выклікала вялікі рэзананс, бо ахвярай стаў вядомы бізнэсовец. На целе знайшлі некалькі колатых ран ад нажа.

Сьледзтва зрабіла выснову, што забойства ўчынілі Алан Левіт і ягоная сяброўка Лілія Б., у якой былі стасункі таксама і з забітым бізнэсоўцам. Лілію Б. беларуская міліцыя неўзабаве затрымала, пазьней жанчыну асудзілі за ўдзел у забойстве на 8 гадоў, яна адбыла свой тэрмін і на леташнім працэсе ў Менскім гарадзкім судзе ўдзельнічала ў якасьці сьведкі. А вось Алан Левіт зь Беларусі ў 1993 годзе зьехаў і жыў з таго часу ў Ізраілі.

У 2018 годзе яго затрымалі ў Нямеччыне, куды ён прыехаў як турыст, і выдалі на запыт у Беларусь. Больш за год Алан Левіт адбыў у Менску ў сьледчым ізалятары. Падчас сьледзтва і суду ён паўтараў, што не ўчыняў забойства, у якім яго вінавацяць.

Што адбылося, паводле Алана Левіта?

У 1993 годзе Алану Левіту было 20 гадоў. Паводле ягоных успамінаў, якія прагучалі ў судзе, у Менск ён прыехаў з Ізраілю, каб наведаць бацьку і сустрэцца зь дзяўчынай, зь якой быў знаёмы за савецкім часам. Але ў выніку пазнаёміўся з новай дзяўчынай — Ліліяй Б., зь якой у яго пачаліся стасункі. Якія менавіта, удакладніла ў судзе пракурор.

«Быў яе кліентам», — раскрыў характар заняткаў сваёй новай прыяцелькі Алан Левіт.

Паводле падсуднага, аднойчы Лілія Б. прыйшла да яго з пакетамі, у якіх былі тэлефоны і электронная тэхніка. Зь яе словаў, усё гэта былі падарункі яе знаёмага бізнэсоўца, кажа Левіт. Але пазьней ён даведаўся, што гэтыя рэчы былі скрадзеныя ў чалавека, якога знайшлі забітым, і тады вырашыў, што Лілія Б. датычная да забойства, а яго «падставіла», каб зрабіць крайнім.

Нават бяз пашпарта Алан Левіт здолеў уцячы зь Беларусі ва Ўкраіну, адтуль перабраўся ў Грузію і ўрэшце апынуўся ў Ізраілі. Паводле падсуднага, яму не было вядома, што яго абвясьцілі ў вышук праз Інтэрпол, таму ў 2018 годзе разам з сынам ён гэтак спакойна паехаў у Эўропу.

Вэрсія сьледзтва

Між тым, па вэрсіі сьледзтва, Алан Левіт быў датычны да забойства і менавіта таму гэтак імкліва ўцёк зь Беларусі. Сьледзтва даводзіла, што цяперашні грамадзянін Ізраілю ўдзельнічаў таксама ў распродажы рэчаў, якія належалі забітаму бізнэсоўцу. Таксама, паводле сьледзтва, наносячы ўдары нажом, Алан Левіт пашкодзіў руку, пра што нібыта сьведчыць шнар на ёй. Аднак гэты доказ, як і іншыя, Алан Левіт рашуча абвяргаў. Пра шнар, прыкладам, сказаў, што мае яго зь дзяцінства.

Што пагражала грамадзяніну Ізраілю ў выпадку прызнаньня яго вінаватым?

Калі б Менгарсуд прызнаў Алана Левіта вінаватым, для яго б рэальнай стала пагроза атрымаць сьмяротнае пакараньне. Справа ў тым, што злачынства, якое яму інкрымінавана, адбылося ў час, калі дзейнічаў Крымінальны кодэкс СССР 1960 году, а значыць, на яго давялося б арыентавацца судзьдзям і цяпер. Між тым тады «набор» пакараньняў для забойцы быў меншы.

Паводле цяперашняга закону за забойства можна атрымаць ад 8 да 25 гадоў, альбо пажыцьцёвае зьняволеньне, альбо вышэйшую меру, прычым на расстрэл звычайна асуджаюць за паўторнае ці асабліва жорсткае забойства. А вось да 1993 году за забойства давалі альбо да 15 гадоў зьняволеньня, альбо вышэйшую меру.

Выпадкаў, каб замежнага грамадзяніна ў Беларусі прысудзілі да вышэйшай меры пакараньня, яшчэ не было.