Мінус 12 600 за 10 гадоў. У гэтых 5 раёнах найбольш скарацілася насельніцтва

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Бязьлюдная цэнтральная плошча ў Сьветлагорску. Надпіс на фасадзе дома: «Праславім наш горад добрымі справамі!». 2015 год

Белстат апублікаваў дадзеныя перапісу-2019 па жыхарах гарадоў, абласьцей і раёнаў. Свабода паглядзела, дзе стала меней жыхароў і з чым гэта можа быць зьвязана.

9 мільёнаў 454 тысячы жыхароў у Беларусі налічылі паводле перапісу 2019 году. 10 красавіка Белстат апублікаваў пашыраныя дадзеныя пра жыхароў гарадоў, абласьцей і раёнаў. Параўноўваем гэтыя дадзеныя з 2009 годам і шукаем, дзе колькасьць жыхароў скарацілася найбольш.

Барысаўскі раён: мінус 12,6 тысячы

У параўнаньні з 2009 годам у Барысаўскім раёне жыхароў стала менш на 12,6 тысячы. Гэта як насельніцтва Мікашэвічаў. На 7 тысяч менш жыхароў стала і ў раённым цэнтры — Барысаве.

Па дадзеных на 2019 год 23,8% прадпрыемстваў Барысаўскага раёну — стратныя. Прадпрыемствы раёну вінныя дзяржаве крэдытаў на 222,5 мільёна рублёў. Сярэдні заробак у раёне — 934,8 рубля. Гэта 85% ад сярэдняга заробку па вобласьці.

У 2019 годзе арганізацыі раёну спрацавалі з прыбыткам у 61,5 мільёна рублёў. Але ў 2018 годзе прыбытак быў мінус 55 мільёнаў.

Паводле сайту Барысаўскага райвыканкаму, у раёне працуе 41 прамысловае прадпрыемства. Найбольш вядомае — гэта завод БАТЭ, які робіць аўтатрактарнае абсталяваньне. За мінулы год завод спрацаваў з чыстымі стратамі ў 10 мільёнаў рублёў.

Баранавіцкі раён: мінус 12,2 тысячы

У Баранавіцкім раёне за 10 гадоў жыхароў стала меней на 12,2 тысячы. Гэта без уліку адміністрацыйнага цэнтру Баранавічы, дзе жыхароў стала менш на 7 тысяч. Апошняя лічба — як насельніцтва Бешанковічаў.

У Баранавіцкім раёне, па інфармацыі (portal.gov.by) на 2019 год, толькі 6,7% стратных прадпрыемстваў, прадпрыемствы раёну вінныя па крэдытах 24,2 мільёна рублёў. Сярэдні заробак у раёне — 902 рублі.

Прамысловасьць Баранавіцкага раёну — дзьве птушкафабрыкі і агракамбінат, вытворца ялавічыны. У рэгіёне разьвітая сельская гаспадарка — 11 аграпрадпрыемстваў.

Шчучынскі раён: мінус 12 тысяч

У гэтым невялікім раёне Гарадзенскай вобласьці за 10 гадоў стала менш жыхароў на 12 тысяч. Агулам у раёне цяпер жыве 37 тысяч чалавек. У самім Шчучыне, аднак, жыхароў стала больш на тысячу.

7,7% арганізацый раёну стратныя. Прадпрыемствы вінныя па крэдытах 16,3 мільёна рублёў. Сярэдні заробак — 828 рублёў. Два найбольш буйныя прадпрыемствы раёну — завод «Аўтапровад» і масласырзавод.

«Аўтапровад» працуе бяз стратаў, прыбытак за 2018 год склаў 988 тысяч рублёў. Інфармацыі аб прыбытку масласыразаводу ў агульным дзяржаўным рэестры не знаходзім.

Сьветлагорскі раён: мінус 9400

На 9400 за 10 гадоў скарачаецца колькасьць жыхароў Сьветлагорскага раёну. На 4,4 тысячы менш жыхароў становіцца і ў самім Сьветлагорску. У раёне 9,1% стратных арганізацый. Па крэдытах усе арганізацыі раёну вінныя 171,8 мільёна рублёў.

Сярэдні заробак у раёне — 1028 рублёў. Эканоміка гэтага раёну трымаецца на прамысловасьці — гэта 75% ад даходаў раёну. У раёне чатыры буйныя заводы: «СьветлагорскХімвалакно», «Сьветлагорскі ЦКК», завод зварачных электродаў і завод па вырабе жалезабэтонных і бэтонных канструкцый.

У 2018 годзе «СьветлагорскХімвалакно», напрыклад, спрацаваў з прыбыткам 9 мільёнаў рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму насельніцтва Беларусі скарачаецца, а Менску — расьце?

Столінскі раён: мінус 8600

8600 — на столькі за 10 гадоў менш жыхароў стала ў Столінскім раёне, самым вялікім раёне Берасьцейскай вобласьці. Пры гэтым жыхароў у Століне становіцца больш на некалькі сотняў.

У раёне 8,7% арганізацый стратныя. Прадпрыемствы раёну вінныя па крэдытах 30,2 мільёна рублёў. Сярэдні заробак — 754 рублі.

У рэгіёне працуе 8 прамысловых прадпрыемстваў — гэта, у асноўным, перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі. Асноўная маса жыхароў раёну занятыя сельскай гаспадаркай. Апроч дзяржаўных прадпрыемстваў, тут працуе 48 фэрмэрскіх гаспадарак.