Сусьветны попыт на нафту зьнізіўся да ўзроўню 1995 году

Сусьветны попыт на нафту ў 2020 годзе скароціцца на рэкордныя 9,3 мільёна барэляў у суткі. У красавіку попыт упадзе на 29 мільёнаў барэляў у дзень у параўнаньні з красавіком мінулага году і вернецца на ўзровень 1995 году.

Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Міжнароднага энэргетычнага агенцтва.

Пасьля выхаду справаздачы чэрвеньскія ф’ючэрсы на нафту Brent узмацнілі падзеньне, апусьціўшыся прыкладна да 28 з паловай даляраў за барэль, удакладняе РБК.

На фоне пандэміі каранавірусу попыт на нафту стаў падаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская нафта пайшла ў Беларусь у буйных аб'ёмах пасьля 100 дзён перапынку

Наступствы распаўсюджваньня каранавірусу пагоршылі рознагалосьсі паміж Расеяй і Саудаўскай Арабіяй наконт умоваў угоды аб скарачэньні здабычы. У выніку ў сакавіку цэны на нафту ўпалі ў некалькі разоў, у нейкі момант апынуўшыся ніжэй, чым 20 даляраў за барэль.

У красавіку краіны, якія ўваходзяць у групу OPEC+, уключаючы Расею, дамовіліся скараціць здабычу на рэкордныя 9,7 мільёна барэляў у суткі. Гэтае абмежаваньне мае дзейнічаць у траўні і чэрвені, потым будзе аслабляцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея прыняла практычна ўсе ўмовы Беларусі наконт нафты, — пасол Мезенцаў

Экспэрты расейскага «Форбс» тады заявілі, што найбуйнейшае скарачэньне здабычы не абароніць нафтавыя цэны ад новага падзеньня.