У кітайскім Ухані пералічылі памерлых ад каранавірусу, атрымалася на 50% больш

Ва Ўхані, 6 красавіка, ілюстрацыйнае фота

Цэнтар кантролю і прадухіленьня каранавірусу ў кітайскім горадзе Ўхань выдаў 17 красавіка «паведамленьне аб выпраўленьні» колькасьці выпадкаў COVID-19 і сьмерцяў, выкліканых вірусам.

У паведамленьні прызнаецца яшчэ 325 выпадкаў каранавірусу і 1290 дадатковых сьмерцяў. Такім чынам, колькасьць ахвяраў ва Ўхані вырасла на 50%, з 2579 да 3869 чалавек.

Як тлумачыць цэнтар, выпраўленьне зрабілі пасьля поўнага збору зьвестак у клініках, лякарнях, прытулках, ізаляцыйных пунктах, турмах, дамах састарэлых, а таксама іншых установах і супольнасьцях, пацярпелых ад эпідэміі.

Прычыны памылкі Цэнтар тлумачыць тым, што на раньняй стадыі эпідэміі рэзкі рост колькасьці хворых выклікаў брак мэдычных рэсурсаў і «неадэкватнасьць» лячэньня — некаторыя пацыенты ня трапілі ў лякарні і памерлі дома. Прызнаюцца выпадкі запозьненага рэагаваньня, прапушчаныя выклікі і ложныя пацьверджаньні, перадача няпоўных зьвестак рознымі ведамствамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь перагнала Ўкраіну ў колькасьці выяўленых выпадкаў каранавірусу

Пандэмія COVID-19 пачалася менавіта з Уханю. Мяркуецца, што вірус трапіў да чалавека ад кажаноў — падазраюць, гэта зьвязана са спажываньнем гэтых жывёлак у ежу.

Амэрыканскі тэлеканал Fox News заявіў 16 красавіка, што першы пацыент ва Ўхані нібыта працаваў у вірусалягічнай лябараторыі, а вірус ня быў перададзены чалавеку з прыроды. У Кітаі адказалі на гэта спасылкамі на Сусьветную арганізацыю здароўя і апублікаванае ў Nature дасьледаваньне аб адсутнасьці сьлядоў штучнага паходжаньня новага каранавірусу.

Агулам у Кітаі, з улікам Ганконгу і Макаа, цяпер прызнана 83 755 выпадкаў COVID-19 і 4636 сьмерцяў ад вірусу. Звыш 78 тысяч выпісалі здаровымі, але застаюцца хворымі яшчэ каля тысячы чалавек. Ды статыстыка аўтарытарнай дзяржавы, якая першапачаткова ўтойвала распаўсюд вірусу, выклікае сумневы і ў мясцовых жыхароў, і за мяжой.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ