Расейскі «Союзмультфильм» хоча забраць у Японіі правы на Чабурашку

Кінастудыя «Союзмультфильм» мае намер вярнуць правы на вобраз Чабурашкі, якія былі прададзеныя Японіі. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс».

Паводле старшыні праўленьня кінастудыі Юліяны Слашчовай, бакі маюць сур’ёзныя рознагалосьсі наконт дзеяньня дагавору, які быў заключаны 16 гадоў таму. «Союзмультфильм» лічыць цяперашнюю вэрсію дагавору несапраўднай. Аднак ён складзены паводле японскага заканадаўства, таму ўсе судовыя спрэчкі павінны праходзіць у Японіі, а гэта патрабуе сурʼёзных выдаткаў, адзначыла Слашчова. Паводле яе, магчымы вынас спрэчкі на дзяржаўны і міжурадавы ўзровень.

На днях у Японіі ўпершыню выпусьцілі кароткі 3D-мультфільм пра прыгоды Чабурашкі і кракадзіла Гены. Выхад мультфільма прымеркаваны да 10-годзьдзя яго першага паказу па франшызе ў Японіі пад назвай «Гэта што за Чабурашка?», гаворыцца на сайце праекту. Японская кампанія сьцьвярджае, што валодае правамі на «Чабурашку» да 2023 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня трэба патураць народным густам», — што культурны антраполяг кажа пра помнік Сапегу і скульптуру Чабурашкі