Джонсан папярэдзіў брытанцаў пра рызыку другой хвалі пандэміі

Прэмʼер-міністар Вялікабрытаніі Барыс Джонсан

Прэмʼер-міністар Вялікабрытаніі Барыс Джонсан выступіў з заявай, у якім папярэдзіў пра максымальную рызыку другой успышкі вірусу, калі карантын будзе зьняты занадта хутка.

Як паведаміла ВВС, Джонсан прыступае да працы пасьля аднаўленьня ад ускладненьняў каранавіруснай інфэкцыі.

Выступаючы перад сваёй рэзыдэнцыяй на Даўнінг-стрыт, Джонсан падзякаваў брытанцам за адзінства і рашучасьць, праяўленыя ў часе эпідэміі.

Прэмʼер-міністар заявіў, што Брытанія наблізілася да выкананьня першай мэты ў барацьбе з Covid-19 — зьберагчы сыстэму аховы здароўя ад празьмернай нагрузкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плюс 826 хворых і 3 памерлых. У Беларусі зафіксавалі 11 289 выпадкаў COVID-19

Джонсан запэўніў, што ён, як ніхто, разумее страты, які карантын наносіць эканоміцы, аднак цяпер першачарговая задача — замацаваць дасягненьні ўсеагульнай ізаляцыі і пазьбегнуць другой ўспышкі захворваньня.

«Стрымайце сваё нецярпеньне», — зьвярнуўся прэмʼер да ўладальнікаў бізнэсаў.

Прэмʼер-міністар даў зразумець, што рашэньне аб выхадзе з карантыну будзе прымацца ў кансультацыях з усімі палітычнымі сіламі і будзе максымальна празрыстым.

У канцы сакавіка ў Джонсана дыягнаставалі каранавірус. Ён правёў тыдзень у лёнданскай лякарні Сэнт-Томас, прычым тры начы знаходзіўся ў рэанімацыі.

Рэжым усеагульнай ізаляцыі быў уведзены ў Брытаніі 23 сакавіка. Паводле закону, міністры павінны пераглядаць яго кожныя тры тыдні. Такім чынам, рашэньне аб падаўжэньні ці заканчэньні карантыну павінна быць прынята да 7 траўня.

У нядзелю агульная колькасьць памерлых у шпіталях пацыентаў з каранавірусам па ўсёй Брытаніі дасягнула 20 732 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Японія забараніла ўезд зь Беларусі