Сусьветныя цэны на нафту пачынаюць расьці пасьля рэзкага падзеньня 

Біржавыя таргі

На таргах 30 красавіка нафтавыя цэны пайшлі ў рост.

Ліпеньскія ф’ючэрсы маркі Brent на Лёнданскай біржы дадалі больш за 10% і ўжо дайшлі да 26,6 даляра за барэль. Амэрыканская WTI на таргах ў Нью-Ёрку ў плюсе на 15% — пастаўкі на чэрвень перавысілі 17,35 даляраў за барэль.

Напярэдадні амэрыканскі рынак акцый пачаў расьці на фоне паведамленьняў, што распрацаваны ў ЗША прэпарат паказаў станоўчыя вынікі лячэньня COVID-19. Індэкс S&P 500 вырас на 3,15%, прамысловы індэкс Dow Jones — на 2,61%, NASDAQ — на 3,96%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветныя цэны на нафту зноў падаюць — бракуе попыту

Пасьля рэзкага падзеньня нафтавых цэнаў у пачатку сакавіка краінам OPEC удалося ўзгадніць новае скарачэньне нафтаздабычы, аднак цэны на нафту не змаглі стабілізавацца на больш высокім узроўні.

Паводле экспэртаў, наўрад ці неўзабаве варта чакаць аднаўленьня дакрызісных цэнаў на нафту. У найлепшым выпадку сытуацыя на рынку можа палепшыцца ў другой палове году, калі краіны пачнуць здымаць абмежаваньні з прычыны каранавірусу і запасы сыравіны будуць скарачацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нафтавы абвал: пастаўкі нафты ў Беларусь скараціліся на 70%, экспарт нафтапрадуктаў — на 62%

Міжнароднае энэргетычнае агенцтва падлічыла, што ў красавіку спажываньне нафты можа абрынуцца на 30%, а па выніках 2020 году — прыкладна на 10%.