«У масцы толькі галоўны лекар». Як ва ўмовах пандэміі праходзіць прызыўная кампанія

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі працягваецца веснавая прызыўная кампанія, якая сёлета супала з пандэміяй каранавірусу. З чым сутыкаюцца маладыя людзі, якіх выклікаюць у ваенкаматы на мэдычную камісію?

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Толькі галоўны зь лекараў быў у масцы»

Прызыўніка Алена Маматузакава сёньня выклікалі ў Магілеўскі абласны ваенкамат на мэдкамісію. Для яго гэта было апошняе абсьледаваньне, якое скончылася рашэньнем «прыдатны да службы». Ален сумняецца ў дакладнасьці такога рашэньня, бо лічыць, што ўсё ж мае праблемы са здароўем, якія пашкодзяць службе. Але сёньня яго абурыла іншае.

«Апошні раз на мэдычнай камісіі быў у красавіку. Тады пра каранавірус ужо шмат вакол гаварылі, але ў ваенкамаце ў мяне склалася ўражаньне, што там пра яго і ня чулі. Што зьмянілася на сёньня? Ды фактычна нічога», — кажа прызыўнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вайскоўцы бяз масак, лекары — хто як». Прызыўнік расказаў, як працуе мэдычная камісія ў Гомлі

Найбольш Ален наракае на тое, што самі дактары з мэдычнай камісіі не паказваюць прызыўнікам належнага прыкладу засьцярогі ад небясьпечнай хваробы.

«З новага бачыў, як супрацоўнік ваенкамату апрацоўваў нейкім саставам ручкі дзьвярэй, але гэта ўсё. Кантролю тэмпэратуры на ўваходзе няма, абвестак пра засьцярогу няма, дэзынфэкцыйных сродкаў, каб апрацаваць рукі, не заўважыў. Можа яны дзе і вісяць, але на вочы мне ня трапіліся.

Прызыўнікі тоўпяцца ў калідоры, бо ніхто ж ня хоча прапусьціць чаргу, усе бяз масак і ніхто іх не папярэджвае, каб вытрымлівалі дыстанцыю. Ды што прызыўнікі? Мэдыкі, якія іх аглядаюць, таксама бяз масак. Толькі лекар, які кіруе працай камісіі, быў у масцы і казаў, каб не зьбіраліся разам, але да яго прыходзіш апошнім, і гэтыя парады ўжо ня маюць асаблівага сэнсу», — кажа прызыўнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вайскоўцы бяз масак, лекары — хто як». Прызыўнік расказаў, як працуе мэдычная камісія ў Гомлі

Ален з Магілёва, а вучыцца ў Менску, у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце радыёэлектронікі і інфарматыкі, скончыў ужо тры курсы. Летась у верасьні мусіў узяць акадэмічны адпачынак на адзін год, бо застаўся бяз працы і ня мог далей аплачваць навучаньне. Плянаваў працягнуць вучобу сёлета, адвучыцца яму засталося паўгода, а там абарона дыплёму. Але Магілёўскі абласны камісарыят вырашыў прызваць яго ў войска і выклікаў на мэдычную камісію.

«Прычым позву мне не даслалі, шукалі празь міліцыю, нібыта я хаваўся», — абураецца малады чалавек. Зь ягоных словаў, у ваенкамаце лічаць, што ён, узяўшы «акадэмку» пасьля прыняцьця паправак у закон аб прызыве, страціў адтэрміноўку і мусіць служыць. Ален з гэтым нязгодны. Ён адзначае, што адтэрміноўку яму давалі на ўвесь тэрмін вучобы, а паколькі ён ня скончыў унівэрсытэт, яна мусіць дзейнічаць.

«Хутчэй за ўсё, мяне прызавуць, але я буду аспрэчваць гэтае рашэньне праз суд. Лічу, што закон на маім баку, а ў ваенкамаце яго парушаюць, думаюць толькі, як выканаць загад і забраць у войска як мага больш хлопцаў», — кажа прызыўнік Ален Маматузакаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны пацьвердзіла яшчэ 2 выпадкі каранавірусу сярод вайскоўцаў. Цяпер у Бабруйску

«Татам апекавацца нельга?»

Калі ў Алена Маматузакава суд з ваенкаматам наперадзе, дык жыхар Віцебску Ільля Магаршак ужо судзіцца. Прычым першы працэс, у судзе Чыгуначнага раёну Віцебску, прызыўнік ужо прайграў. Але зьбіраецца абскарджваць рашэньне ў Віцебскім абласным судзе. Гісторыя Ільлі Магаршака — таксама пра адтэрміноўку ад ваеннай службы, але ня дзеля вучобы, а па сямейных абставінах.

Ваенкамат лічыць, што адтэрміноўку маладога чалавека трэба скасаваць, і спасылаецца на новы тэкст закону «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе». Але Ільля Магаршак даводзіць, што карыстаецца адтэрміноўкай дакладна і папраўкі ў закон ні пры чым.

«Мае бацькі ў разводзе, і я гляджу тату. Мы жывём разам, бацьку патрэбная мая дапамога, хоць ён яшчэ можа працаваць. Раённы суд на гэта і спаслаўся ў сваім рашэньні, і яшчэ на тое, што былая жонка мусіць яму дапамагчы матэрыяльна. Але ў законе няма абмежаваньня, што хворай маці можна дапамагаць і будзе адтэрміноўка, а калі апякуесься татам — дык адтэрміноўка не прадугледжана. І былая жонка не абавязаная дапамагаць былому мужу, затое я як сын абавязаны. Таму суджуся. На мяне яшчэ і справу крымінальную завялі як на ўхіліста ад вайсковай службы», — кажа Ільля Магаршак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сувязі з пандэміяй у беларускім войску абмежавалі наведваньні і звальненьні

Маладому чалавеку 21 год, ён працуе рамесьнікам, кажа, што заробак мае сэзонны і невялікі. У прынцыпе Ільля ня супраць службы ў войску, але кажа, што паколькі карыстаўся адтэрміноўкай законна, дык і далей усё павінна быць па законе.

«Таксама ад будучага суду залежыць лёс маёй крымінальнай справы. Спадзяюся, за адзін раз, калі не прыйшоў па позьве ў ваенкамат, у турму не пасадзяць, але штраф дадуць вялікі і забяруць служыць. І як тады бацьку аднаму справіцца?», — непакоіцца Ільля.

Ільлі Магаршаку і Алену Маматузакаву аказвае юрыдычную дапамогу праваабаронца Алег Воўчак з арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву». У сакавіку праваабаронцы Алег Воўчак і Натальля Гарачка былі на прыёме ў міністра абароны Віктара Хрэніна. Актывісты азнаёмілі міністра з шэрагам спраў прызыўнікоў, незаконна, на іх думку, пазбаўленых адтэрміноўкі ад службы. У гутарцы зь міністрам праваабаронцы наракалі ня толькі на фармальны разгляд некаторых спраў у ваенкаматах, але адзначалі і пэўныя парушэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб не прызывалі ў войска хворых». Актывісты «Ініцыятывы 32» сустрэліся зь міністрам абароны Віктарам Хрэніным

За гэты час, паводле Алега Воўчака, у свой актыў праваабаронцы могуць занесьці сама меней два выйграныя судовыя працэсы прызыўнікоў супраць прызыўных камісій. Яшчэ некалькі прызыўнікоў працягваюць змагацца за захаваньне адтэрміноўкі.

«Але ня толькі гэта. Мы назіраем станоўчыя зьмены і ў працы ваенкаматаў. Больш няма такога, каб на паседжаньне прызыўной камісіі не выклікалі прызыўніка ды вырашалі ягоны лёс у яго адсутнасьць. Таксама няма такога, каб сьпяшаліся хутчэй закрыць справу прызыўніка з адтэрміноўкай, якую аспрэчваюць. Ня ведаю, ці гэта загад новага міністра, але бачу, што ў спрэчных выпадках сапраўды спрабуюць разабрацца, выслухаць прызыўніка і ўлічыць ягоныя аргумэнты», — кажа праваабаронца Алег Воўчак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Газазваршчык судзіўся з прызыўной камісіяй, каб замест войска даглядаць хворую маці. І выйграў

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ