Пасажыраў горадзенскіх тралейбусаў абавязалі насіць маскі

Дэзынфэкцыя грамадзкага транспарту ў Горадні

У горадзенскіх тралейбусах 29 траўня зьявілася абвестка пра абавязковае нашэньне масак, піша «Вечерний Гродно​».​

У Горадзенскім тралейбусным упраўленьні паведамілі, што масачны рэжым увялі згодна з пратаколам рашэньня працоўнай групы па рэалізацыі міжведамаснага комплекснага пляну мінімізацыі рызыкі пашырэньня COVID-19 пры Горадзенскім аблвыканкаме.

Паводле дакумэнту, у грамадзкіх месцах Горадні, у тым ліку ў грамадзкім транспарце, уводзіцца абавязковы масачны рэжым.

«Я разумею, што гэта трэ было зрабіць раней. Цяпер ва ўсім сьвеце людзі ў грамадзкім транспарце езьдзяць толькі ў масках. Мы ня зьменшылі колькасьць машын на маршрутах, і таму тралейбусы паўпустыя ходзяць. І гэта добра! Людзі могуць бясьпечна езьдзіць. Цяпер з маскамі стане яшчэ бясьпечней», — сказаў дырэктар Горадзенскага тралейбуснага парку Віктар Шарэйка.

26 траўня масачны рэжым увялі ў крамах, аптэках, банках і іншых грамадзкіх месцах Івейскага раёну. 28 траўня абавязковае нашэньне масак у грамадзкіх месцах раёну скасавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Што ты сьмяесься?» Як у Іўі на дзень увялі, а потым адмянілі масачны рэжым

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ