«Саша Тры Працэнты і беларускі Навальны». Расейскія СМІ пра Лукашэнку і ягоных апанэнтаў на выбарах

Ілюстрацыйнае фота. за Сьвятлану Ціханоўскую ля Камароўскага рынку. 24 траўня 2020 году

Як цэнтральныя расейскія газэты пішуць аб прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі і яе асноўных гульцах. Чатыры цытаты.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Ведомости»: Ціханоўскі стаў альтэрнатывай Лукашэнку

Пра зьняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага піша дзелавая расейская газэта «Ведомости». Аўтар артыкула «Альтэрнатыва Лукашэнку» — паліттэхноляг Віталь Шкляроў. Ён называе Ціханоўскага «беларускім Навальным», таму што род дзейнасьці ў іх падобны: ютуб-блогеры, якія рэзка крытыкуюць уладу і канвэртуюць гэта ў палітычны капітал.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскі — «беларускі Навальны». Расейскі блогер Варламаў расказаў пра выбары ў Беларусі, даў ацэнкі кандыдатам

Але на гэтым падабенства сканчаецца — і ў фармаце, і ў зьмесьце. Абсалютна розныя фігуры, канстатуе аўтар:

«Узьлёт Ціханоўскага прайшоў вельмі хутка. За год з забясьпечанага прадпрымальніка і ўладальніка студыі відэаролікаў ён стаў адным з самых вядомых палітыкаў Беларусі. І да апошняга часу заставаўся незаўважаным традыцыйнымі мэдыя. Альтэрнатыву Лукашэнку СМІ знаходзілі, асьвятляючы мала цікавую шырокім слаям дзейнасьць апазыцыйных партый. І на зьяўленьне новага палітычнага блогера, які знаходзіць кантакт з простымі людзьмі, спачатку не зьвярнулі ўвагі. І дарэмна».

Аўтар артыкулу ў газэце «Ведомости» лічыць, што Сяргей Ціханоўскі ўжо сёньня вырас у рэальную альтэрнатыву Аляксандру Лукашэнку і менавіта таму быў кінуты за краты.

«Коммерсантъ»: Людзі раптам зразумелі, што яны не «народзец», а народ

Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў за Віктара Бабарыку ў Менску

Вялікае інтэрвію зь удзельнікам кампаніі Віктарам Бабарыкам друкуе «Коммерсантъ». На просьбу журналіста апісаць галоўную адметнасьць сёлетняй выбарчай кампаніі, прэтэндэнт у кандыдаты адказаў наступным чынам.

«Беларусы стаміліся ад той сытуацыі, у якой яны знаходзяцца. Беларусы абразіліся тым, што ўлада ў рамках сваёй рэакцыі на досыць сур’ёзную пагрозу цалкам пагрэбавала інтарэсамі народу і не спрыяла яго абароне ў сытуацыі з пандэміяй. Ну і самае галоўнае: людзі раптам зразумелі, што яны не „народзец“, як іх называлі, а народ. І гэта ўжо наўрад ці спыніць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачаўся адваротны адлік, гэта падзеньне», — амэрыканскі паліттэхноляг пра затрыманьне Ціханоўскага і небясьпечнага для ўлады Бабарыку

Віктар Бабарыка кажа ў інтэрвію, што здолее супрацьстаяць масавым фальсыфікацыям — найперш дзякуючы сучасным тэхналёгіям, якія ў ідэнтыфікацыі і празрыстасьці абагналі 1990-я. За 25 гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнкі ніхто яшчэ не зьбіраў за тыдзень 10 тысяч чалавек у ініцыятыўную групу, прывёў ён прыклад з уласнай кампаніі.

«Новая газета»: Лукашэнка думаў, што пандэмія яму дапаможа. Выявілася, наадварот

Чэргі людзей у Менску, гатовых падпісацца за жонку блогера Сяргея Ціханоўскага Сьвятлану

«Новая газета» прысьвячае артыкул арыштаванаму падчас пікету ў Горадні Сяргею Ціханоўскаму і спрабуе патлумачыць папулярнасьць блогера, пра існаваньне якога яшчэ год таму наўрад ці хто ведаў.

І хоць ягонай ініцыятыўнай групы Цэнтарвыбаркам не зарэгістраваў з прычыны адседкі за сустрэчу з падпісчыкамі, людзі стаяць у чэргах, каб падпісацца за ягоную жонку Сьвятлану — ёй адмовіць падставаў не было.

«Сяргей Ціханоўскі вядзе папулярны ў Беларусі ютуб-канал „Страна для жизни“. Не, ён нікога не выкрывае. Паводле яго ўласных словаў, „гісторыі простых беларусаў і кейсы прадпрымальнікаў лепш за ўсё раскажуць пра тое, што трэба зьмяніць, каб пабудаваць краіну для жыцьця“. Канал мае 220 тысяч падпісчыкаў. Для 9-мільённай Беларусі гэта шмат», — піша газэта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масква будзе «актыўна назіраць» за выбарамі ў Беларусі, — расейскі паліттэхноляг

Натуральна, падобная папулярнасьць уладам не патрэбна, працягвае выданьне. Таму наўрад ці стала нечаканасьцю, калі пра апанэнта загаварыў сам Лукашэнка. Абазваў Ціханоўскага «шалудзівым», які ходзіць, крычыць па Менску ды і ў іншых гарадах«. Самога ж Лукашэнку «Новая газета» характарызуе адпаведна ягонай жа рыторыцы.

«Саша Тры Працэнты — гэта новая народная мянушка Аляксандра Лукашэнкі. Ніякай творчасьці — проста рэйтынг. І справа ня толькі ў амаль 26 гадах, на працягу якіх ён утрымлівае ўладу ўсімі сіламі, ня грэбуючы нічым. Проста ў краіну прыйшоў каранавірус і павёў сябе непрадказальна. Лукашэнка думаў, што пандэмія яму дапаможа. Выявілася, наадварот», — падсумоўвае лібэральнае расейскае выданьне.

«Московский комсомолец»: Беларускі народ не прайграе выбары

Пікет Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Статкевіча ля Камароўскага рынку

Вялікая ўвага расейскіх СМІ прыкаваная да былога старшыні праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі — адразу некалькі цэнтральных расейскіх выданьняў зрабілі інтэрвію з прэтэндэнтам на найвышэйшую пасаду ў Беларусі. «Московский комсомолец» друкуе гутарку зь Віктарам Бабарыкам пад назвай «Правадыра павінен зьмяніць мэнэджар». На пытаньне, навошта яму гэта, суразмоўца адказвае вядомай расейцам цытатай: «За державу обидно».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нечаканасьці на выбарах у Беларусі будуць, але мы пра іх не даведаемся, — былы дарадца Пуціна

«Я ўпэўнены, што катэгарычна адрозьніваюся ад Лукашэнкі — і ў сілу досьведу, і разуменьня таго, як правільна будаваць краіну. Наша сыстэма ўлады пабудаваная на «правадырстве». Гэта калі лідэр улазіць ва ўсё, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі і заканчваючы IT-тэхналёгіямі. Ён носьбіт усіх ведаў. Гэта вельмі дыскусійная мадэль кіраваньня краінай.

У мяне стаўленьне да кіраўніка дзяржавы як да мэнэджара. Задача мэнэджара — будаваць сыстэму, выбіраць разумных людзей і, як казаў адзін ваш суайчыньнік, «не перашкаджаць разумным людзям працаваць». Адказваючы на пытаньне, што ён будзе рабіць у выпадку пройгрышу і ці не асьцерагаецца помсты з боку Лукашэнкі, Віктар Бабарыка запэўніў, што «беларускі народ не прайграе выбараў». Народ ужо мае запыт на ягоную праграму, а значыць, пройгрышу быць ня можа.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.