Галоўныя гарады ЗША адмяняюць абмежаваньні, уведзеныя з прычыны пратэстаў

Мірныя дэманстрацыі і нямірныя сутычкі па ўсёй Амэрыцы. ФОТАГАЛЕРЭЯ

У ЗША вядучыя гарады краіны, сталіца Вашынгтон і найбуйнейшы горад Нью-Ёрк, закончылі 7 чэрвеня абмежаваньні, уведзеныя праз акцыі пратэсту супраць расізму і жорсткасьці паліцыі.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што аддаў загад падраздзяленьням Нацыянальнай гвардыі пачаць вывад сваіх сіл з Вашынгтону, бо, як ён напісаў у «Твітэры», «цяпер усё знаходзіцца пад дасканалым кантролем».

«Яны паедуць дадому, але могуць хутка вярнуцца ў выпадку неабходнасьці. Мінулым вечарам пратэстоўцаў сабралася значна менш, чым чакалі», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзясяткі тысяч амэрыканцаў працягваюць выступаць супраць расізму і жорсткасьці паліцыі 

Мэр фэдэральнай акругі Калумбія, якая на практыцы супадае з горадам Вашынгтонам, М’юрыел Баўзэр яшчэ 4 чэрвеня, пасьля адмены камэнданцкага часу, прасіла прэзыдэнта вывесьці з гораду ўсе сілы, уведзеныя туды зь іншых штатаў і якія да таго ж, насуперак заканадаўчым патрабаваньням, у некаторых выпадках ня мелі ніякіх знакаў адрозьненьня. Яна падкрэсьліла, што пратэсты ў горадзе былі мірнымі і паліцыі не прыйшлося зьвяртацца да арыштаў.

А на наступны дзень яна таксама зьвярталася да губэрнатараў штатаў Нью-Джэрсі і Агаё з просьбай забраць з Вашынгтона падразьдзяленьні Нацыянальнай гвардыі гэтых штатаў, якія, нагадала мэр, былі ўведзены ў горад безь яе просьбаў і не папярэдзіўшы яе. Паводле мэра, гэта стала парушэньнем права на самакіраваньне жыхароў гораду.

Таксама ў Нью-Ёрку мэр гораду Дэ Блазіё паведаміў, што камэнданцкі час адмяняецца неадкладна, таму што сытуацыя супакоілася.

«Заўтра мы зробім першы вялікі крок да новага старту. Беражыце сябе і дапамагайце адно аднаму», — напісаў ён у «Твітэры».

Пратэсты ў ЗША ўспыхнулі пасьля таго, як затрыманы белым паліцыянтам падазраваны афраамэрыканец памёр празь дзеяньні паліцыянта. Пры гэтым мірныя акцыі ў некаторых месцах суправаджаліся і праявамі гвалту, разбурэньняў, падпалаў і марадэрства, што прымусіла ўлады выклікаць на вуліцы для забесьпячэньня правапарадку ваенізаваныя фармаваньні Нацыянальнай гвардыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найчасьцейшыя пытаньні і адказы аб пратэстах у ЗША. Тлумачым дэталёва