Прэзыдэнт Польшчы паабяцаў дзецям па 115 эўра на вакацыі

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда паведаміў, што будзе выпушчаны турыстычны ваўчар для фінансавай падтрымкі дзяцей у час вакацый. Ваўчар будзе мець электронны выгляд, яго тэрмін дзеяньня вызначаны да 2021 году.

Віцэ-спікер Сэйму і кіраўнік парляменцкай фракцыі «Права і справядлівасьць» Рышард Тэрлецкі сказаў, што законапраект аб дапамозе дзецям на час вакацый можа паступіць на разгляд дэпутатаў Сэйму 19 чэрвеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча накіравала ў Беларусь другую партыю гуманітарнай дапамогі — 47 грузавікоў

Анджэй Дуда адзначыў, што ваўчар прызначаны для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей: «Кожны дзіця атрымае 500 злотых (каля 115 эўра. — РС) на адпачынак падчас вакацый. Каб атрымаць ваўчар, трэба будзе зарэгістравацца на партале электронных паслуг Упраўленьня сацыяльнага страхавання (Zakład Ubezpieczeń Społecznych. — РС). І пасьля праверкі асобы таго, хто падае заяўку, можна будзе атрымаць турыстычны ваўчар».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі палітык, які хацеў выгнаць «беларускі дух» з Варшавы, ідзе ў прэзыдэнты

Прэзыдэнцкія выбары ў Польшчы прызначаны на 28 чэрвеня. Анджэй Дуда бярэ ўдзел у іх як кандыдат ад кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць». Пасьля выхаду з выбарчай кампаніі Малгажаты Кідавы-Блоньскай найбольш сур’ёзным апанэнтам Дуды лічыцца Рафал Тшаскоўскі, мэр Варшавы.