«Паглядзела яго ролік, падумала — клясны чувак!» Актывісткі кампаніі Ціханоўскіх расказваюць пра сябе

Каманда Сяргея Ціханоўскага

Тры гісторыі жанчын, якія ўпершыню ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі апазыцыйнага ўладам кандыдата.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

9 чэрвеня Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ васьмі яго паплечнікам прад’явілі афіцыйныя абвінавачваньні. Яшчэ прыкладна столькі ж сяброў ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай цяпер адбываюць адміністрацыйны арышт. Збор подпісаў за вылучэньне Ціханоўскай працягваецца па ўсёй краіне. Толькі ў Менску выстаўлена больш за дзесяць пікетаў. Свабода паразмаўляла з трыма шараговымі актывісткамі кампаніі Ціханоўскіх і даведалася, чаму яны не спыняюцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзевяць арыштаваных у «справе Ціханоўскага». Сьпіс

Вольга, доктар

Вольга, урач

«Вам са мной, відаць, нават няма сэнсу і размаўляць. Вы гэта ўсё адно не апублікуеце, я наўрад ці змагу расказаць нешта добрае. Мы з камандай Сяргея праехалі праз усю Беларусь. Зь перасьледам, даганялкамі, сачэньнем. Фінішам стала затрыманьне Алега Баброўскага ў нядзелю 7 чэрвеня на Камароўцы. Разам з аўтамабілем. Мы заўчора хадзілі пісаць у РУУС заяву аб крадзяжы. Там жа ў машыне падпісныя лісты, наша маёмасьць для пікетаў. Я пішу заяву, а яны (міліцыянты. — РС) мне кажуць, што нічога ня ведаюць. Тут іх унутраныя вароты адчыняюцца, а ў двары стаіць аўтамабіль Алега.

Такія справы. Працуем, зьбіраем подпісы. Учора да нас прыйшоў сьляпы чалавек, інвалід. Ён змог расьпісацца сам, але дату паставіць — ужо не. Яго жонка хацела сама паставіць, але гэта забаронена нават па даверанасьці. У выніку інвалід пазбаўлены права паставіць подпіс за вылучэньне кандыдата. Кватэру прадаць замест яго жонка можа, а подпіс паставіць — не.

Я такая абураная гэтым усім. Пра канал «Краіна для жыцьця» даведалася 4 траўня. Сядзела зь дзіцем на самаізаляцыі на лецішчы. Потым прыехала на працу і неяк выпадкова ўбачыла відэа з «прыкарытнікамі». Мяне яно вельмі павесяліла, я падпісалася на канал, пачала сачыць за ўсімі падзеямі. Як Сяргея арыштавалі — абурэньне адразу, пратэст. Вырашыла таксама ўдзельнічаць. Раней ніколі не зьбірала подпісы, не працавала на выбарах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманьне Сяргея Ціханоўскага. Разьбіраем дэталёва. ВІДЭА

Прападаюць нашы людзі. Калі яны нешта парушылі, то калі ласка. Але ж мы маем права ведаць, дзе яны. Ці здаровыя яны, што яны парушылі. Чалавечае жыцьцё важнае. Дзяніс Лукомскі зьнік. На маю заяву адказалі, што няма ніякіх зьвестак. Дзесяць дзён так адказвалі, начальнік РУУС падпісаў адказ сам. Зьвярнулася да журналістаў, Дзяніса за суткі знайшлі ў ІЧУ. Гэта як зразумець?

З працы я звольнілася, хоць добра зарабляла там. Працавала ў кампаніі вырабу касмэтыкі, вяла сэктар прафэсійных сродкаў. Сэмінары, вэбінары праводзіла. Але гэтую сваволю больш немагчыма трываць. Увогуле страх згубілі, ці што? У мяне валасы на галаве дыбарам.

Я нічога ўжо не баюся. Перажыла клінічную сьмерць аднойчы, цяпер разумею, што жыцьцё — самае каштоўнае. Я ня вельмі разумею, чаму ўсе баяцца. Не разумею людзкіх страхаў. Трэба браць адказнасьць на сябе. Працу знайду потым. З краіны не хачу зьяжджаць, мне тут усё падабаецца. Людзі, прырода. Толькі не падабаецца сыстэма».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тэрор», затрыманьні, 900 тысяч даляраў за канапай. Як зьнішчаюць «Краіну для жыцьця»

Юлія, таксістка

«Я першы раз у выбарах удзельнічаю. Гэта ж першыя выбары, калі больш-менш скалупнулі гэтую язву. Зараз вось нейкі рух ідзе. Мянчанка, нарадзілася тут. Агулам мяне даўно хвалявала гэтая тэма. Беларускі народ жа ў прынцыпе нядрэнны, выдатны.

Вось я таксістка. Часта важу іншаземцаў, размаўляю зь імі ў аўтамабілі. Распытваю, як у іх жыцьцё, колькі зарабляюць. Колькі трацяць на праезд, камунальныя выдаткі, што застаецца на руках. У мяне, адпаведна, думка складаецца. Для чаго мы жывём так? Калі прыходзіш у краму і набываеш ня тое, што хочаш, а самае таннае. Дзяцей хочацца адзець, абуць, каб яны былі прыгожыя і шчасьлівыя. Бясконца пра гэта можна гаварыць.

Пра Ціханоўскіх я ў інтэрнэце даведалася. Глядзела стрымы Сяргея. Паглядзела адзін зь першых яго стрымаў пра «Яндэкс-таксі». А я ж сама таксістка, мяне закранула. Што я, іпэшніца, плачу падаткі ў Беларусі, а гэта замежная кампанія, якая прыбытак забірае сабе і грошы сыходзяць зь Беларусі. І ўсім напляваць на ўсё. У нас аўтамабіль павінен быць абсталяваны таксомэтрам, а ім («Яндэкс-таксі». — РС) можна без. Калі я паглядзела гэты ролік, падумала — блін, клясны чувак! Такую праблему падымае. Вось так я і трапіла да Ціханоўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманых у справе Ціханоўскага беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі

Зараз на Камароўцы працуем, зьбіраем подпісы. Вось толькі вярнуліся з аўтапрабегу. Былі ў Берасьці, Кобрыні, Бярозе. Заяжджалі ў Салігорск. Гарадоў 11 аб’ехалі. Прыстойна подпісаў зьбіраем. Нават калі чаргі няма, то плынь людзей безупынна ідзе. Пішаш, пішаш і пішаш. Адзін валянтэр у дзень можа сабраць 200–250 подпісаў. Гэта адзін, а нас тут шмат.

Забіраюць нашых людзей, подпісы забіраюць. Гэта ўжо несправядлівыя выбары. Гэта ўжо парушэньне нашых канстытуцыйных правоў. Нейкі рэйдэрскі захоп, як мне падаецца. Самой мне ўжо ня страшна, хай арыштоўваюць. У мяне ў жыцьці няма выразу «ну а што я магу зрабіць?». Я іду і змагаюся з праблемай. Нават калі будзе дрэнны вынік, то гэта будзе вынік. Я для гэтага жыву, я нешта зрабіла. Жыву з спакойным сумленьнем«.

Антаніна, нядаўна выйшла з дэкрэтнага адпачынку

«Я была на плошчы ў 2006 годзе. Мяне туды маці прывяла, сказала, каб я паглядзела на цудоўных і разумных людзей, каб паслухала беларускую мову. Мне тады было 18 гадоў. Так што я ў курсе сытуацыі ў краіне. Але ўдзельнічаю ў кампаніі першы раз.

Я цалкам падтрымліваю Сяргея і Сьвятлану Ціханоўскіх. Сяргей стаў першым, хто ўзьняў народ, яго ўтрымліваюць за кратамі незаконна. Я неабыякавая да таго, што ў нас у краіне адбываецца. Пакуль ва ўсё гэта не акунесься, ты не зразумееш. Расказваеш людзям — яны такімі вачыма глядзяць на нас! Яны ня бачаць перасьледаў, выкраданьняў людзей. У мяне самой мужа выкралі так. Гэта было, калі мы на 9 траўня паехалі ў Бабруйск. Спачатку супрацоўнікі міліцыі сказалі, што супраць мяне адміністрацыйны працэс, запрасілі пайсьці зь імі ў РУУС. Потым мяне выпусьцілі, а мужа праз тры дні затрымалі. Пасьпеў толькі паведаміць, што за ім сочаць. Увесь час такое з нашымі адбываецца.

Пра Ціханоўскага даведалася, калі пачала цікавіцца сытуацыяй з выбарамі сёлета. Блог не глядзела. Мне пра яго і Сьвятлану таксама мама расказала.

Страх ёсьць, вядома. Але ён настолькі малы. На „суткі“ не баюся трапіць. Я ведаю, што дзяцей маіх не пакінуць адных, бабуля зь дзядулем дагледзяць. Вось жа не баюся. Я выдатна ведала, на што іду і куды іду. Так што пайду да канца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адгадай хто, або як Бабарыка пазычыў прыём самі ведаеце каго

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).