Пуцін ня выключыў, што будзе зноў балятавацца ў прэзыдэнты

Уладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у інтэрвію тэлеканалу «Россия 1» заявіў, што не выключае таго, што ён вылучыць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкую пасаду, калі расейцы ўхваляць унясеньне паправак у Канстытуцыю.

Сярод паправак да Канстытуцыі Расеі, якія выносяцца на галасаваньне 1 ліпеня, прапануецца абнуліць усе папярэднія прэзыдэнцкія тэрміны.

«Я для сябе яшчэ нічога не вырашыў. Я не выключаю магчымасьці балятавацца, калі гэтая (папраўка) узьнікне ў Канстытуцыі. Паглядзім, там відаць будзе. Ведаеце, я зараз скажу абсалютна шчыра: калі гэтага ня будзе (прыняцьця адпаведнай папраўкі), гады праз два, я ведаю гэта па ўласным вопыце, ужо замест нармальнай рытмічнай працы на вельмі многіх узроўнях улады пачнецца гойсаньне вачыма ў пошуках магчымых пераемнікаў», — сказаў Пуцін.

Пуцін 12 чэрвеня заявіў, што перакананы ў тым, што «абсалютная большасьць» грамадзян краіны падзяляюць і падтрымліваюць яго пазыцыю па ўнясеньні зьмяненьняў у Канстытуцыю.

Галасаваньне пройдзе 1 ліпеня.