У Менску прайшоў «роварны прабег салідарнасьці» з уцёкамі ад міліцыі. ФОТА

Велапрабег салідарнасьці ў Менску

Карыстальнікі сацсетак расказваюць пра «роварны прабег салідарнасьці» з ахвярамі рэпрэсій, які адбыўся ў Менску ўвечары 25 чэрвеня.

Некалькі дзясяткаў удзельнікаў на роварах і самакатах сабраліся недалёка каля стэлы «Менск — горад-герой» і праехаліся праспэктам Пераможцаў, пасьля гэтага «рассыпаўшыся» ў паркавых зонах.

«Супрацоўнікі ДАІ рабілі папярэджаньні ў мэгафоны, нават скарачалі час работы зялёных сьвятлафораў, каб падзяліць групу і справакаваць парушэньне правілаў дарожнага руху, — расказаў адзін з раварыстаў. — Аднак усе былі законапаслухмяныя і нічога не парушалі. Хіба толькі сыгналілі, ды аўтамабілі сыгналілі ў адказ».

Па словах суразмоўцы, «упаковачныя мікрааўтобусы», у якія звычайна кідаюць затрыманых падчас акцый, езьдзілі сьледам, але іхныя габарыты не былі разьлічаныя на затрыманых з тэхнікай.

«Шматлікія ціхары стаялі на пешаходных пераходах — мабыць, разьлічвалі плян на наступныя дні, як бы падагнаць больш нармальных аўтазакаў і ўсіх спакаваць разам з роварамі. Пакуль думалі ды гадалі, з гораду хлопцы павярнулі на дарожкі, дзе машынам ціхароў не прайсьці. А там іх і сьлед прастыў», — падзяліўся ўражаньнямі ад «прабегу салідарнасьці» адзін з удзельнікаў.

Нейкі час у найбліжэйшых ваколіцах машыны ДАІ спрабавалі вылічыць раварыстаў, але безвынікова.