ЦВК адказала штабам Бабарыкі і Цапкалы: падставаў для пошуку «страчаных подпісаў» няма

Цэнтарвыбаркам разгледзеў звароты, якія паступілі ад грамадзянаў на вынікі праверак тэрытарыяльнымі выбарчымі камісіямі сапраўднасьці подпісаў выбарнікаў у падпісных лістах.

Як сказана ў паведамленьні ЦВК, заяўнікі патрабуюць паведаміць аб парадку адбору подпісаў для праверкі і пацьвердзіць законнасьць дзеяньняў камісій, праверыць і пацьвердзіць прызнаньне або непрызнаньне менавіта іхных подпісаў несапраўднымі або ўлічыць іх подпіс, калі ён ня быў улічаны.

Раней аб плянах аспрэчыць вынікі праверкі паведамілі штабы прэтэндэнтаў Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чорная скрыня» Ярмошынай: як лічылі подпісы

Выбарчае заканадаўства не прадугледжвае працэдуры пераправеркі подпісу выбарніка на яго запатрабаваньне, перадачы яму копій матэрыялаў праверкі подпісаў і індывідуальнага або групавога абскарджваньня вынікаў праверак у судовым парадку. На практыцы гэта не можа быць рэалізавана з прычыны шматтысячнай колькасьці падпісных лістоў і подпісаў у іх, гаворыцца ў адказе.

У ЦВК сьцьвярджаюць, што няма прававых падставаў для задавальненьня зваротаў з просьбай ўлічыць іх подпіс у тых выпадках, калі тэрытарыяльнай камісіяй не былі ўлічаныя ўсе подпісы выбарнікаў у падтрымку вылучэньня пэўнага кандыдата — як, напрыклад, гэта было з подпісамі ў Маскоўскім і Фрунзэнскім раёнах Менска ў падтрымку вылучэньня Віктара Бабарыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўніку Віктара Бабарыкі не далі пазнаёміцца з матэрыяламі падліку подпісаў

Згодна з адказам, знаёміцца з матэрыяламі праверкі дакумэнтаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты, мае права толькі асоба, вылучаная кандыдатам. Гэта ж асоба мае права зьвяртацца ў суд у выпадку адмовы яму ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты. Такім чынам, прававых падставаў для задавальненьня заяваў ад грамадзянаў няма, заявілі ў ЦВК.

Пры гэтым у камісіі не патлумачылі, якім чынам з дакумэнтамі можа пазнаёміцца прэтэндэнт на найвышэйшую пасаду Віктар Бабарыка, які ад 18 чэрвеня знаходзіцца ў Сьледчым ізалятары КДБ.