Тры бязьлюдныя пляцоўкі для агітацыі ў паўмільённым Гомлі. ФОТА

Гомельскія ўлады вызначылі для агітацыі тры пляцоўкі. Усе яны далёка ад цэнтру гораду. Дабірацца нязручна, людзі ходзяць там рэдка. У асноўным на пляцоўках можна сустрэць сабачнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе ў Магілёве дазволілі агітаваць за кандыдатаў на прэзыдэнта. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Глядзіце, дзе ў Віцебску дазволілі агітаваць за кандыдатаў у прэзыдэнты. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ў 6 месцах дазволілі вулічную агітацыю на выбарах. Гэта паркі і сквэры. На мінулых выбарах можна было амаль паўсюль. МАПА

Як з мноства пляцовак атрымалася тры?

2010 год. На прэзыдэнцкіх выбарах гомельскія ўлады вызначылі, што агітаваць можна паўсюль, «у любых месцах на тэрыторыі Гомля, якія падыходзяць для гэтых мэтаў». Выключэньне — падземныя пераходы, масты, праезная частка і тры плошчы — Паўстаньня, Леніна і Прывакзальная. Таксама нельга было пікетаваць бліжэй як за 200 мэтраў ад тэлецэнтру і за 50 мэтраў ад будынкаў судоў, выканкамаў, шпіталяў, школ.

2015 год. У Гомлі вызначана 10 пляцовак і 10 месцаў у памяшканьнях для сустрэч з выбарцамі.

2020 год. Улады гораду вызначылі тры пляцоўкі ў спальных раёнах і чатыры памяшканьні для сустрэч з выбарцамі. Гэта заля ў Цэнтры інклюзіўнай культуры і тры актавыя залі школ.

Цэнтар інклюзіўнай культуры на вуліцы Юбілейнай у народзе называюць «Глушкі».

Цэнтар інклюзіўнай культуры на вуліцы Юбілейнай у Гомлі

Раней ён называўся Домам культуры таварыства глухіх. Месьціцца ў спальным раёне, да цэнтру гораду — каля пяці кілямэтраў. Гэта адзіная пляцоўка ў горадзе, дзе можна праводзіць мітынгі і пікеты не з ініцыятывы ўладаў. Але і тут апошнія дзесяць гадоў улады з розных прычын забараняюць праводзіць пікеты і мітынгі.

Перад выбарамі «Глушкі» абсталявалі відэаназіраньнем. На слупах вісяць як мінімум 10 камэраў.

Пляцоўка каля зоны адпачынку «Пруды» — на вуліцы Ільіча, гэта 10 кілямэтраў ад цэнтру Гомля. Калі ў горадзе сьвята, тут праходзяць раённыя канцэрты. У будзённыя дні на пляцоўцы не сустрэць чалавека. «Пруды» — гэта амаль канец гораду.

Пляцоўка каля зоны адпачынку «Пруды»

Можна агітаваць яшчэ каля стадыёну «Лякаматыў» на вуліцы Багдана Хмяльніцкага. Месца бязьлюднае. Побач прыватны сэктар. Ад цэнтру — 5 кілямэтраў.