Мядзьведзеў раіць украінцам «зьмірыцца» з анэксіяй Крыму

Намесьнік старшыні Савету бясьпекі Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў адзначыў, што жыхарам Украіны варта зьмірыцца з сытуацыяй, якая склалася пасьля 2014 году, калі Расея анэксавала Крымскі паўвостраў.

Пра гэта ён сказаў у інтэрвію «Комсомольской правде».

«Пра Ўкраіну магу толькі сказаць, што пасьля таго, што там адбылося, нашы стасункі, натуральна, зьмяніліся. Зьмяніліся яны і ў сілу зразумелых прычын пасьля правядзеньня рэфэрэндуму ў Крыме і ўзьяднаньня Крыму з Расеяй. Але гэта не азначае, што мы хочам праводзіць нейкую недружалюбную палітыку ў дачыненьні да Ўкраіны. Не, проста ўкраінцы павінны зьмірыцца з тымі рэаліямі, якія існуюць, і заняцца ўрэгуляваньнем ўнутранага крызісу на паўднёвым усходзе сваёй краіны», — сказаў ён.

Рэакцыі ўкраінскага боку на выказваньні Мядзьведзева пакуль няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amazon аштрафавалі за працу ў анэксаваным Крыме

Кабінэт міністраў Украіны прыпыніў дзеяньне мэмарандуму паміж урадамі Ўкраіны і Расеі аб супрацоўніцтве ў барацьбе з тэрарызмам, які быў падпісаны ў 2012 годзе ў Ялце.

Паводле дадзеных МЗС Украіны, ад моманту акупацыі Крыму і ўзброенай агрэсіі на Данбасе Украіна разарвала каля 150 з 453 дамоваў і пагадненьняў з Расеяй.

Анэксія Крыму Расеяй

  • У лютым 2014 году ў Крыме зьяўляліся ўзброеныя людзі ў форме без апазнавальных знакаў, якія захапілі будынак Вярхоўнай рады Аўтаномнай Рэспублікі Крым, Рады міністраў АРК, а таксама Сімферопальскі аэрапорт, Керчанскую паромную пераправу, іншыя стратэгічныя аб’екты, а таксама блякавалі дзеяньні ўкраінскіх войскаў. Расейскія ўлады спачатку адмаўляліся прызнаваць, што гэтыя ўзброеныя людзі зьяўляюцца вайскоўцамі расейскай арміі. Пазьней прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прызнаў, што гэта былі расейскія вайскоўцы.

  • 16 сакавіка 2014 году на тэрыторыі Крыму і Севастопалю прайшоў непрызнаны большасьцю краін сьвету «рэфэрэндум» аб статусе паўвострава, па выніках якога Расея ўключыла Крым у свой склад. Ні Ўкраіна, ні Эўрапейскі зьвяз, ні ЗША не прызналі вынікаў галасаваньня на «рэфэрэндуме». Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 18 сакавіка абвясьціў пра «далучэньне» Крыму да Расеі.

  • Міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анэксію Крыму незаконнымі і асудзілі дзеяньні Расеі. Краіны Захаду ўвялі эканамічныя санкцыі. Расея адмаўляе анэксію паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці». Вярхоўная рада Ўкраіны афіцыйна абвясьціла датай пачатку часовай акупацыі Крыму і Севастопалю Расеяй 20 лютага 2014 году.