Замест 19 пляцовак — два паркі. Дзе ў Горадні дазволілі пікетаваць перад выбарамі. ФОТА

Румлёўскі парк у Горадні

У Горадні перадвыбарчую агітацыю сёлета можна праводзіць на дзьвюх адкрытых пляцоўках — у Калоскім і Румлёўскім парках. Абодва нешматлюдныя.

Калоскі парк адносіцца да Ленінскага раёну. Ён месьціцца вакол Калоскай царквы XII стагодзьдзя. У гэтым месцы амаль няма ніякай інфраструктуры: кавярні, атракцыёнаў ці прыстойнай прыбіральні.

Сюды прыходзяць турысты, каб паглядзець на Каложу, сем’і з малымі дзецьмі адпачываюць на прыродзе, шпацыруюць пары, заяжджаюць раварысты, ладзяцца фатасэсіі. Побач толькі Нёман, дзіцячы цэнтар творчасьці і невялікі прыватны сэктар. З цэнтру гораду, Савецкай плошчы, сюды ісьці 10–15 хвілін, аднак людзей тут звычайна мала.

Калоскі парк

Самая буйная падзея, якая адбылася ў Калоскім парку апошнім часам, — #БНР101

Людзі з розных куткоў Беларусі ведаюць Калоскі парк па 2019 годзе, калі тут ладзілі галоўнае сьвяткаваньне #БНР-101.

Другое месца для пікетаваньня — Румлёўскі парк — адносіцца да Кастрычніцкага раёну. Ён нагадвае лес і месьціцца каля спальнага раёну на беразе Нёмана. Сюды прыходзяць займацца спортам або купацца на пляж. У Румлёве ёсьць футбольная пляцоўка і асфальтаваная дарожка, дзе можна ўбачыць бегуноў або жыхароў мікрараёну на шпацыры. Побач гімназія. Парк мае статус батанічнага помніка прыроды мясцовага значэньня. Тут нават нельга выгульваць сабак.

Уваход у Румлёўскі парк

Румлёўскі парк

Гэта батанічны помнік мясцовага значэньня, дзе нельга выгульваць сабак

Сюды часта прыходзяць пэнсіянэры, каб адпачыць

Ёсьць невялікая спартовая пляцоўка

У 2015 годзе ў Горадні дазволілі праводзіць перадвыбарчую агітацыю на 19 пляцоўках, сярод якіх, прыкладам, быў участак пешаходнай Савецкай вуліцы, адно з самых людных месцаў у Горадні.

Дзе ў Менску дазволілі агітаваць перад прэзыдэнцкімі выбарамі. ФОТА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры бязьлюдныя пляцоўкі для агітацыі ў паўмільённым Гомлі. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе ў Магілёве дазволілі агітаваць за кандыдатаў на прэзыдэнта. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Глядзіце, дзе ў Віцебску дазволілі агітаваць за кандыдатаў у прэзыдэнты. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ў 6 месцах дазволілі вулічную агітацыю на выбарах. Гэта паркі і сквэры. На мінулых выбарах можна было амаль паўсюль. МАПА